BE RU EN

Балта-Чарнаморскі калектар пабудуюць без Лукашэнкі

  • 11.10.2007, 9:41

Азербайджан, Грузія, Літва, Польшча і Украіна падпісалі міжведамаснае пагадненне аб супрацоўніцтве ў энергетычным сектары. Пагадненне падпісалі прадстаўнікі профільных міністэрстваў гэтых краін у сераду, у першы дзень энергетычнай канферэнцыі ў Вільні. Нагадаем, што ініцыятыву пабудаваць Балта-Чарнаморскі калектар яшчэ ў канцы 1990-х гадоў высоўвала апазіцыя Беларускага Народнага Фронту. Тады будучыня Беларусі бачылася такой: дэмакратычная краіна, адкрытая для сваіх еўрапейскіх суседзяў, якая мае нафтавыя пастаўкі і з Поўначы і Поўдні па балта-чарнаморскаму нафтаваму калектару. Цяпер гэтая ідэя здзяйсняецца без нашай краіны.

Азербайджан, Грузія, Літва, Польшча і Украіна дамовіліся аб стварэнні і развіцці камерцыйна прывабнага калідора для транспартоўкі вуглевадародаў з рэгіёнаў Каспійскага мора на міжнародны рынак праз Азербайджан, Грузію, Украіну і Польшчу.

Удзельнікі пагаднення таксама дамовіліся аб даследаванні шляхоў узмацнення бяспекі сеткі транзіту, у тым ліку марскіх перавозак і трубаправоднага забеспячэння вуглевадародамі з рэгіёна Каспійскага мора. Акрамя таго, бакі таксама дамовіліся аб вызначэнні дадатковых крыніц і распрацоўцы маршрутаў забеспячэння і транзіту вуглевадародаў.

"Мэтай дадзенага пагаднення з'яўляецца палітычная падтрымка стварэння транспартнага калідора, які вызначае ступень супрацоўніцтва паміж бакамі ў энергетычным сектары", – гаворыцца ў дакуменце, які цытуе "Інтэрфакс".

Раней прадстаўнікі нафтагазавых карпарацый Азербайджана, Грузіі і Літвы падпісалі дамову аб далучэнні да сумеснага ўкраінска-польскага прадпрыемства, створанага для рэалізацыі праекту коштам 700 млн. даляраў па дабудоўцы нафтаправода Адэса-Броды да польскіх гарадоў Плоцк і Гданьск.

Нафтаправод, як лічаць краіны, якія ўдзельнічаюць у праекце, закліканы стаць альтэрнатывай пастаўкам нафты з Расеі, стварыць умовы для дастаўкі нафты з рэгіёнаў Каспійскага і Чорнага мораў у рэгіён Балтыйскага мора, а адтуль на міжнародны рынак. Арыентаваная дата пуску нафтаправода ад Чорнага мора да Балтыйскага – 2012 год.

На задуму партнёраў, па падоўжаным на поўнач нафтаправоду ў Польшчу з далейшай перспектывай выхаду на заходнееўрапейскі рынак пойдзе з Азербайджана каспійская нафта. Баку выказаў палітычную падтрымку праекту і паставіў подпіс пад дамовай, аднак свой рэальны ўдзел увязвае з камерцыйнай мэтазгоднасцю. Справа ў тым, што для дастаўкі азербайджанскай нафты ў Еўропу па дадзеным маршруце запатрабуецца выкарыстанне камбінаваных перавозак, уключна чыгуначныя і марскія, што непазбежна адаб'ецца на кошце нафты. Таму нараўне з каспійскай экспертамі абмяркоўваюцца варыянты напаўнення "трубы" сыравінай з Казахстана, Узбекістана ці Туркменістана.

Варшава здолее забяспечыць сыравінай Мажэйкскі нафтаперапрацоўчы завод у Літве, якім кіруе польская кампанія "ПКН Орлен" і які апынуўся ў складаным становішчы пасля аварыі на нафтаправодзе "Дружба" і страты расейскай сыравіны, якую давялося дастаўляць танкерамі, што нашмат даражэй. Пакуль, зрэшты, гаворка па-ранейшаму ідзе пра танкеры, але Літва падумвае пра будаўніцтва адгалінавання.

Акрамя таго, у рамках канферэнцыі планавалася падпісанне пагаднення аб заснаванні сумеснага літоўска-польскага прадпрыемства для рэалізацыі праекту "энергамосту", а менавіта злучэнні электрасістэм Літвы і Польшчы, тым самым і Еўрапейскага Звязу. Але ў канцы мінулага тыдня па гэтым пытанні ў стасунках паміж дзвюма краінамі выявіліся рознагалоссі, якія пераадолець так і не атрымалася.

Знаходзячыся з візітам у Вільні ў мінулую пятніцу міністр гаспадаркі Польшчы Пётр Вазьняк заявіў, што калі яго краіне не дадуць гарантый атрымання 1 тыс. 200 мегават, гэта значыць, прыкладна траціны электраэнергіі, што вырабляе новай АЭС, якую сумеснымі высілкамі маюць намер пабудаваць у Літве краіны Балтыі і Польшча, рэалізацыя іншых праектаў, гэта значыць, праекту злучэння электрасетак, будзе пазніцца. Гэта выклікала ў Вільні адмоўную рэакцыю – прэзідэнт і прэм'ер-міністр Літвы адмянілі запланаваныя сустрэчы з кіраўніком Мінгаса Польшчы.

Прэзідэнты Літвы і Польшчы спрабавалі знайсці ўзаемапрымальнае рашэнне, з іх ініцыятывы з панядзелку аднавіліся перамовы, але яны не ўвянчаліся поспехам. У гэтай звязку цяпер плануецца, што гэтая дамова можа быць падпісаная цягам месяца. Прэм'ер Літвы Гедымінас Кіркілас лічыць, што казаць пра квоты электраэнергіі, якая будзе вырабляцца на будучай новай АЭС, заўчасна, бо не прынятае рашэнне, якой магутнасці будзе гэтая станцыя.

Удзельнікі Віленскай канферэнцыі дамовіліся правесці наступную сустрэчу ў Кіеве ў 2008 годзе. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў на сумеснай з прэзідэнтамі Літвы, Украіны, Польшчы, Грузіі прэс-канферэнцыі напрыканцы першага дня працы Віленскай канферэнцыі.

Як адзначыў прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка, у Кіеве на энергетычным саміце будзе зацверджаны графік рэалізацыі праекту дабудоўкі нафтаправода Адэса–Броды–Плоцк–Гданьск. Графік будзе ўключаць у сябе рэалізацыю прац, вызначэнне фінансавага і тэхнічнага рэсурсаў.

Апошнія навіны