BE RU EN

Еўрапейскі Марш будзе працягвацца, пакуль улады не прымуць 12 прапаноў ЕЗ

  • 15.10.2007, 13:58

"Кампанія "Еўрапейскі Марш" будзе працягвацца датуль, пакуль беларускім урадам не будуць прынятыя 12 прапаноў Еўразвяза", – заявіў сёння на выніковай прэс-канферэнцыі кіраўнік аргкамітэта Еўрапейскага Марша Віктар Івашкевіч. Сёння, на думку палітыка, ад кожнага з нас залежыць, ці стане наступны год пераломным ва ўзаемаадносінах Беларусі і Еўропы.

"Ад кожнага з нас сёння залежыць, каб наступны год стаў пераломным ва ўзаемаадносінах Беларусі і Еўропы. Я хацеў бы заклікаць усіх, хто прыйшоў учора на Марш, і ўсіх, хто хацеў узяць у ім удзел, але па нейкіх прычынам не змог: прыходзіце ў офісы беларускіх дэмакратычных партый, бярыце інфармацыйныя матэрыялы і раздавайце сваім калегам, суседзям, сваякам, сябрам і блізкім – гэта будзе пэўны ўнёсак у агульную справу таго, каб Еўрапейскі Марш дасягнуў сваіх мэтаў, і мы сталі, як мінімум, добрым суседам Еўрапейскага Звязу, а ў перспектыве – сябрам Еўразвяза", – упэўнены Віктар Івашкевіч.

На думку Віктара Івашкевіча, на прыкладзе Еўрапейскага Марша аб'яднаныя дэмакратычныя сілы прадэманстравалі, што яны могуць працаваць разам, маюць магчымасць фармуляваць выразныя ідэі і здзяйсняць іх. "Усе дэмакратычныя сілы і няўрадавыя арганізацыі падтрымалі Еўрапейскі Марш. Акрамя таго, у нас атрымалася падключыць да рэалізацыі нашага плану кіраўніцтва еўрапейскіх краін, якія адназначна выказаліся ў нашу падтрымку і патрабавалі ад улад захавання канстытуцыйнага права грамадзян на свабоду шэсцяў і мітынгаў. І хоць улады ўсяляк заміналі арганізацыі Марша, арыштоўвалі людзей, вялі кампанію запалохвання на прадпрыемствах, ва ўніверсітэтах, студэнцкіх інтэрнатах, тым не менш, у апошні момант яны далі магчымасць людзям, якія сабраліся, прайсці ад Кастрычніцкай плошчы да парку Дружбы народаў", – заявіў кіраўнік аргкамітэта Еўрапейскага Марша.

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка таксама лічыць станоўчым той факт, што, нягледзячы на кампанію запалохвання і дэзінфармацыі, беларусы выйшлі на Еўрапейскі Марш. Прычым палітык адзначыў, што цяперашняя кампанія дэзінфармацыі, арганізаваная ўладамі, была беспрэцэдэнтнай па мятоды.

"Ананімна ці нібыта ад імя Віктара Івашкевіча менчукам былі разасланыя фальшывыя sms-паведамленні, якія запрашалі прыйсці 14 кастрычніка ў зусім іншае месца. Былі скарыстаныя фальшывыя метэапрагнозы. Па ўсіх беларускіх радыё- і тэлеканалах паведамлялася пра штармавое папярэджанне, ледзь ці не пра галалёд і снег, хоць у нядзелю было сонечнае надвор'е. Былі таксама скарыстаныя свабодныя СМІ, якія зноў і зноў паведамлялі пра арышты, пагрозы, запалохванні, і гэта ўскосна павінна было спыніць людзей. Але актывісты ўсё роўна прыйшлі і прыехалі. Думаю, што ўсе арганізацыйныя праблемы, у прыватнасці, наяўнасць некалькіх калон, не перашкодзілі дзейснасці акцыі", – адзначыў лідэр Партыі БНФ.

На думку Вінцука Вячоркі, наступны год будзе вельмі цяжкім для Беларусі.

"Гэта год, на жаль, непазбежнага эканамічнага крызісу. Крызісныя з'явы будуць нарастаць як у эканоміцы, так і ў палітыцы. І гэта будзе раздзіраць уладную эліту Беларусі. Адначасова, на жаль, будзе нарастаць пагроза страты Беларуссю незалежнасці. Але я не сумняваюся, што ў шматлікіх беларускіх міністэрствах, Нацбанку, у сферы культуры ёсць сапраўдныя патрыёты Беларусі, якія разумеюць, што без нацыянальнай кансалідацыі нам будзе вельмі цяжка абараніць нашу эканамічную, энергетычную, а таксама палітычную незалежнасць. Еўрапейская падтрымка і нацыянальныя каштоўнасці ўзаемазвязаныя. Без еўрапейскай падтрымкі, без звароту да Еўрапейскага Звязу, мы не зможам абараніць незалежнасць. І тое самае наадварот. Без нацыянальнага адраджэння, без вяртання беларускасці ў Беларусь, без адстойвання незалежнасці пад бел-чырвона-белым сцягам нам будзе вельмі цяжка ў наступным годзе. Можна прагназаваць, што канец зімы–вясна будуць вельмі цяжкімі. Стратэгічнага адказу ўлада не дае, яна працягвае мітусіцца, шукаць крэдыты дзе заўгодна – ад Ахмадзінежада да Абрамовіча, але ўсё гэта звязанае з здачай нашых агульнанацыянальных вартасцяў. Еўрапейскі Марш быў спробай мабілізацыйнага патэнцыялу перад наступным годам. Наступны год будзе годам абароны незалежнасці, і я ўпэўнены, што гэтая абарона незалежнасці будзе праходзіць пад бел-чырвона-белым сцягам", – заявіў лідэр Партыі БНФ.

Апошнія навіны