BE RU EN

Шэйман з'ехаў у Арабскія Эміраты

  • 22.10.2007, 10:58

Сёння пачынаецца афіцыйны візіт Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Беларусі, кіраўніка працоўнай групы па развіцці двухбаковага супрацоўніцтва нашай краіны і ААЭ Віктара Шэймана ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты.

Як паведамілі карэспандэнту БелТА щ прэс-цэнтры Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі, плануецца, што падчас візіту Віктар Шэйман сустрэнецца з кіраўніцтвам ААЭ. У прыватнасці, з спадчынным прынцам Абу-Дабі шэйхам Мухамедам бэн Заід Аль Нахайянам, міністрам абароны, спадчынным прынцам эмірата Дубаі шэйхам Мухамедам бэн Рашыд Аль Мактумам, старшынёй выканаўчага апарата ўрада эмірата Абу-Дабі Хальдунам Халіфай Аль Мубаракам.

Падчас перамоваў будуць абмяркоўвацца стан і перспектывы развіцця двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Будзе разгледжаны шэраг інвестыцыйных праектаў у сферы нерухомасці, нафтахіміі, прамысловасці, энергетычнай бяспекі і турызму.

Дыпламатычныя стасункі паміж Рэспублікай Беларусь і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі ўсталяваныя 20 кастрычніка 1992 года. У снежні 1999 года пачала дзейнічаць амбасада Беларусі ў ААЭ.

У сакавіку 2000 года і ў сакавіку 2007 года ажыццёўленыя візіты ў ААЭ дзяржаўных дэлегацый на чале з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Па выніках афіцыйнага візіту кіраўніка дзяржавы ў 2007 годзе ў Беларусі і ААЭ створаныя працоўныя групы па развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. З эмірацкага боку працай групы кіруе старшыня выканаўчага апарата ўрада эмірата Абу-Дабі Хальдун Халіфа Аль Мубарак. З беларускага – Віктар Шэйман.

Аб'яднаныя Арабскія Эміраты з'яўляюцца адным з асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі сярод арабскіх дзяржаў Персідскага заліва. У розныя перыяды ў ААЭ пастаўляліся беларускія тавары па больш як 50 пазіцыях. Аснову экспарту з Беларусі складаюць падшыпнікі, шыны, шкловалакно, сухое малако, цягачы, прычапная аўтатэхніка, аснову імпарту з ААЭ – кардонная тканіна для шыннай вытворчасці. Імпартуюцца таксама лекавыя сродкі, посуд, кандыцыянеры, парфумерыя, вырабы з гумы і пластмас.

Беларусь разлічвае, што ў самай блізкай перспектыве неабходны стымул для развіцця атрымаюць такія кірункі супрацоўніцтва з Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі, як навука і адукацыя, тэлекамунікацыі, сельская гаспадарка, транспарт, культура, ахова здароўя, энергетыка, турызм.

Апошнія навіны