BE RU EN

ЖЭСы рэжуць лакальныя сеткі

  • 30.10.2007, 10:17

ЖЭСы больш не папярэджваюць уладальнікаў хатніх лакальных сетак, што будуць знішчаць драты, а наўпрост рэжуць іх.

Яшчэ зімой на мінскіх пад’ездах можна было пабачыць аб’явы пра тое, што калі адміністратары хатніх лакальных сетак не прынясуць у ЖЭС дакументы на іх, ЖЭС мае права рэзаць драты. Цяпер супрацоўнікі ЖЭСаў робяць гэта, прычым часта па некалькі разоў на адным і тым жа месцы, паведамляе

“Еўрарадыё” .

Ніводзін ЖЭС на пытанне, колькі ў яго раёне засталося лакальных сетак, адказаць не можа. Таму што ўзнавіць дрот аказваецца не больш складана, чым яго парэзаць.

ЖЭС № 78 : “Абрэжаш, глядзіш – а праз тыдзень усё зноў працуе. Нават калі мы зачыняем страху, жыхары гэтых пад’ездаў ціхенька гэты замок зразаюць і зноў сетку пракладаюць. Даведацца, якая кватэра гэта зрабіла, вельмі складана”.

Метры абрэзаных дратоў потым проста выкідаюцца на сметнік, кажа галоўны інжынер ЖЭУ № 120.

ЖЭУ № 120:: “Мае работнікі выкідаюць драты проста на сметніцу, дзесьці на звалках потым валяюцца яны. Першы час прыносілі ўвогуле ў мой кабінет, і я сам выкідаў драты ў смеццеправод”.

Самі адміністратары сетак кажуць, што на тое, каб узнавіць абрэзаны дрот сеткі, патрэбна некалькі гадзін. Такія метады барацьбы іх не палохаюць, бо ЖЭСаўскія электрык з цесляром акрамя таго, як парэзаць “ваздушку” ў падвале ці на тэхнічным паверсе, нічога зрабіць ім не могуць.

ЖЭУ № 120:: “Асноўныя вузлы ў іх могуць праходзіць з кватэры ў кватэру. Таму знайсці, “адкуль ногі растуць”, я пакуль што не магу. У мяне 65 дамоў, і каб знайсці, дзе што схавана, трэба праверыць кожны кут. Гэта амаль немагчыма. Дый пакаранняў ніякіх няма”.

Многія “адміны” кажуць, што амаль не заўважаюць ніякіх дзеянняў ЖЭСа. Некаторыя з-за таго, што набылі бухту дроту, у якой 305 метраў, і замяняць парэзаныя кавалкі для іх не праблема. Некаторыя з-за таго, што да іх сеткі падлучаныя ўплывовыя людзі.

“Я думаю, што супрацоўнікі ЖЭСу не настолькі кампетэнтныя, каб усё нам перарэзаць. Наша сетка, дарэчы, наадварот – развіваецца і пашыраецца. Ну і… у нас у сетцы ёсць некалькі чалавек, якія больш-менш могуць уплываць на гэта. Адзін з іх працуе адвакатам пры Кіраўніцтве справамі прэзідэнта, а другі працуе ў падатковай”, -- кажа адміністратар Валеры.

Ёсць чуткі, што супрацоўнікі некаторых ЖЭСаў і самі карыстаюцца лакальнымі сеткамі, і таму іх не рэжуць.

У ЖЭСе № 38 сказалі, што даўно ўжо наспеў час узаконьваць лакальныя сеткі. Але адміністратары сетак, якія спрабавалі гэта зрабіць, распавялі нам, якія дакументы для гэтага патрэбныя. Спіс уражвае, а адміны сцвярджаюць, што на гэтае ўзаконьванне спатрэбіцца не менш за паўгода.

“Першай справай трэба атрымаць дазвол райвыканкаму, які сам па сабе атрымаць не так лёгка. Для гэтага трэба атрымаць дазвол Мінсувязі. Для таго, каб атрымаць дазвол Мінсувязі, трэба падаць цэлую кіпу дакументаў, сярод якіх – тапалогія сеткі, архітэктура сеткі, сертыфікаванае абсталяванне, драты… Як мінімум, два ці тры супрацоўнікі (а гэта ўжо фірма) – з разліку адзін чалавек на трыццаць камп’ютараў. У людзей мусіць быць тэхнічная ці проста вышэйшая адукацыя, здаецца. Ну, прынамсі і тут ёсць пэўныя патрабаванні. Яшчэ трэба пацверджанне сертыфіката, якое таксама атрымаць трэба ў Мінсувязі… І яшчэ нешта, здаецца”, -- паведаміў адміністратар Уладзімір.

Апошнія навіны