BE RU EN

Салідарнасць дапаможа змяніць сітуацыю ў Беларусі

  • 16.11.2007, 10:30

Сёння, 16 лістапада, у Беларусі і ва ўсім свеце традыцыйна адзначаецца Дзень беларускай салідарнасці. У гарадах Еўропы і ЗША пройдуць акцыі з заклікам да беларускіх улад вызваліць палітвязняў і пачаць дэмакратычныя ператварэнні.

У Беларусі людзі запаляць у сваіх дамах свечкі салідарнасці і выйдуць на плошчы, каб ушанаваць памяць зніклых і рэпрэсаваных і таксама заклікаць улады ўстаць на шлях рэформ.

Вулічныя акцыі салідарнасці, канферэнцыі, выставы, прэзентацыі фільмаў, прысвечаныя Беларусі, пройдуць 16 лістапада ў шмат якіх краінах свету – Польшчы, Украіне, Расеі, Францыі, Нямеччыне, Бельгіі, Чэхіі, ЗША.

Дні беларускай салідарнасці праходзяць у 16 дзень кожнага месяца ў знак салідарнасці з сем'ямі зніклых у Беларусі апазіцыянераў, палітвязнямі, рэпрэсаванымі, усімі, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі.

Нагадаем, што ўведзеныя ЗША санкцыі супраць «Белнафтахіма» таксама звязаныя з адмовай улад вызваліць палітвязняў, спыніць рэпрэсіі супраць апазіцыі і правесці свабодныя выбары.

Апошнія навіны