BE RU EN

БелАЗ працуе на склад, іншыя распрадаюць маёмасць

  • 20.11.2007, 12:13

Запасы гатовай прадукцыі на прамысловых прадпрыемствах Менскай вобласці за дзесяць месяцаў гэтага года, паводле дадзеных статыстычных органаў, выраслі на 18,8% і склалі 646,7 мільярдаў рублёў. Гэтая лічба мала пра што гаворыць, калі не параўноўваць яе з сярэднемесячным аб'ёмам вытворчасці. А калі параўноўваць, то стане зразумела, што 78,9% прадукцыі, якая выпускаецца прадпрыемствамі за месяц, ляжыць на складах.

Вельмі трывожным выглядае тая акалічнасць, што аб'ём незапатрабаванай прадукцыі практычна не змяняецца: на 1 студзеня 2007 года суадносіны паміж гатовай прадукцыяй, якая асела на складах, і сярэднемесячным аб'ёмам вытворчасці складалі 80,7%, паведамляе «Электронный Борисов».

Па розных рэгіёнах вобласці сітуацыя выглядае, натуральна, па-рознаму. Уражвае, у прыватнасці, Нясвіжскі раён. Там аб'ём нерэалізаванай прамысловай прадукцыі перавышае аб'ём вытворчасці ў 3,2 разы. Гэта значыць, тры месяца прадпрыемства раёна працавалі на склад, а не на спажыўца.

У Жодзіна карціна блізкая да сярэднестатыстычнай па вобласці: аб'ём прадукцыі на складах прамысловых прадпрыемстваў горада перавышае аб'ём вытворчасці на 73,2%. Гэтую лічбу зрабілі ў асноўным 293 нерэалізаваныя аўтамабілі БелАЗ. У сярэднім на БелАЗе за месяц выпускаецца каля 160 вялікагрузных самаскідаў. Такім чынам, калектыў гіганта беларускага аўтамабілебудавання працаваў на склад паўтара месяца…

У той самы час, завод «Автогидроусилитель» доўгія гады лічыцца адным з вядучых прамысловых прадпрыемстваў не толькі Барысава, але і ўсёй краіны. Мабыць, не выпадкова выхадцы з гэтага завода, былыя дырэктары Аляксандр Пухавой і Мікола Косцень, узначальваюць сёння машынабудаўнічыя гіганты краіны – вытворчыя аб'яднанні Менскі трактарны завод і Менскі аўтамабільны завод.

Тым не менш, усё ж цяпер не ўсё гладка ідзе на прадпрыемстве, якое яны пакінулі, перабраўшыся ў сталіцу. Завод «Автогидроусилитель» часткова распрадаецца.

На афіцыйным сайце прадпрыемства вісіць аб'ява пра тое, што завод прапаноўвае на адчужэнне ў 2008 годзе аб'екты незавершанага будаўніцтва, змешчаныя на балансе: спартова-аздараўленчы комплекс у Барысаве, цэх тавараў народнага спажывання ў Барысаве.

Апошнія навіны