Інфляцыю і дэфіцыт не спыніш
- 9.11.2007, 15:41
Беларуская прапаганда вырашыла максімальна выкарыстаць прагнозы ФАО (Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН) аб росце цэнаў на зерневыя для апраўдання выкарыстання ў эканамічных працэсах у Беларусі такіх рудыментаў сацыялізму як дзяржаўнае рэгуляванне цэнаў і цэнтралізаваная сістэма харчовага забеспячэння.
«Беларусь, мабыць, адзіная ў СНД краіна, дзе захаваная цэнтралізаваная сістэма харчовага забеспячэння і дзяржаўнага рэгулявання цэнаў на асноўныя прадукты харчавання», –заявіў БелТА намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Міхаіл Савельеў.
Праўда, беларускім спажыўцам гэта чамусьці не гарантуе стабільнасці цэнаў, аднак, па словах службоўцы, дазваляе не дапусціць «рэзкага скоку» цэнаў на харчаванне.
«У Беларусі, у адрозненне ад Расеі, Казахстана, Украіны і Малдовы, не дапусцілі такога рэзкага скоку цэнаў на малочныя і мясныя прадукты, хлебабулачныя вырабы, бо рэспубліка ў поўным аб'ёме забяспечаная збожжам, ёсць у дастатку малако і мяса, і аб'ёмы іх вытворчасці будуць расці», – растлумачыў намеснік міністра.
Ён таксама падкрэсліў, што Беларусь абароненая ад цэнавых скокаў яшчэ і тым, што асноўную частку харчавання «мы вырабляем самі, за выключэннем алею, гарбаты, кавы і морапрадуктаў».
Заявы беларускага службоўцы зробленыя на фоне прылаўкаў беларускіх крам з аднастайным і бедным асартыментам мясомолочных прадуктаў, якія апошнім часам ладна падаражэлі. Так, толькі за чэрвень – пачатак кастрычніка цэны на малочную прадукцыю выраслі на 13,7% (цана малака ад аднаго і таго ж вытворцы ў адной і той жа гандлёвай кропцы), адзначае АФН.
Намеснік міністра ж лічыць, што дадзеныя пра ўраджаі-2007 сведчаць пра зваротнае і дазваляюць казаць пра тое, што Беларусь здольная цалкам забяспечыць унутраны рынак, уключна запатрабаванні жывёлагадоўчага комплексу. Ён нагадаў, што ў 2007 годзе ў Беларусі ўраджай збожжа, з улікам кукурузы, склаў каля 8 млн.т.
Пры гэтым Савельеў не бярэ ў разлік масавы экспарт мясамалочнай прадукцыі ў Расею беларускімі прадпрыемствамі (а не вываз насельніцтвам!), якому, апроч падвышэння цэнаў на гэтую прадукцыю ў самой Расеі, спрыяюць як патрабаванні беларускіх улад па павелічэнні валютнай выручкі, так і адтэрміноўка Рассельгаснагляду па тым, каб зрабіць больш жорсткімі патрабаванні да якасці прадукцыі, якая пастаўляецца з Беларусі, да 1 сакавіка 2008 года (замест раней запланаванага 1 кастрычніка 2007 года).
«Экспарт здзяйсняецца не ў шкоду насычэнню ўнутранага рынку. І у мінулыя гады да 52% мясомолочной прадукцыі экспартавалася», – заяўляе службовец, аднак не хавае, што «ў цяперашніх умовах гэта надзвычай выгоднае».
З 4,8 млн.т выраблянага ў Беларусі малака прадпрыемства Мінсельгасхарчу экспартуюць 2,7 млн.т у відзе цэльнамалочнай прадукцыі – сметанковага масла, сыроў і малочных кансерваў, сухога цэльнага і абястлушчанага малака.
Затое ўнутры Беларусі праз імкненне ўтрымаць цэны зніжаецца якасць выраблянай сельгаспрадукцыі. Па словах Міхаіла Савельева, перад прадпрыемствамі Мінсельгаспрода пастаўленая задача падвысіць якасць прадукцыі, у прыватнасці павялічыць таварнасць малака і мяса. Да 85% выраблянага малака неабходна перапрацоўваць на малочных і сыраробных камбінатах, да 80% мяса – на мясакамбінатах, дзе забяспечваецца яго глыбокая перапрацоўка.
А пакуль беларусы змушаныя купляць зеленкаваты, але адносна недарагі сыр 30% тлустасці беларускай вытворчасці і нібыта сметанковае масла з соевымі дабаўкамі 52% тлустасці. Альбо пераплачваць падвойную цану за аналагічныя прадукты, пастаўленыя з Прыбалтыкі і Украіны. І пры гэтым радавацца сацыяльна-арыентаванай эканоміцы з дзяржрэгуляваннем цэнаў і цэнтралізаванай сістэмай паставак.