Расея абвінаваціла Беларусь у крадзяжы
- 13.12.2007, 13:53
"Мы не хочам прадаваць газ транзітам праз краіны, якія будуць яго красці або проста не плаціць за яго", – заявіў 12 снежня міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў у інтэрв'ю тэлерадыёвяшчальнай карпарацыі Бі-бі-сі, паведамляе інфармацыйнае агенцтва РІА “Новости”.
Кіраўнік расейскага знешнепалітычнага ведамства адзначыў, што "таму будуюцца парты, якія дазволяць экспартаваць паліва напрост у краіны Еўропы".
С.Лаўроў лічыць, што "стабільнасць і бесперабойнасць транспартоўкі расейскага газу ў заходнія краіны залежыць ад таго, ці здолее Расея пастаўляць свае энерганосьбіты без паслуг краін-пасярэднікаў". Ён падкрэсліў, што дагэтуль адказнасць за парушэнне графіка і аб'ёмаў расейскіх паставак газу ляжала на краінах, якія ажыццяўляюць транзіт.
"З Украінай былі падпісаныя кантракты на пэўных умовах, якія парушыла Украіна. Тое ж адбылося з Беларуссю. У абодвух выпадках мы не парушылі ніводнага свайго абавязальніцтва ў дачыненні як гэтых дзвюх дзяржаў, так і заходніх краін", – сказаў міністр.
У сувязі з гэтым С.Лаўроў лічыць, што дамагацца гандлю з іншымі краінамі без удзелу пасярэднікаў – гэта законнае права Расеі.