BE RU EN

Андрэй Саннікаў: «Міласцівасць з боку Расеі насцярожвае»

  • 17.12.2007, 13:12

«Публічныя вынікі афіцыйнага візіту Уладзіміра Пуціна ў Беларусь сведчаць пра тое, што Расея пайшла на даволі выгодныя для Беларусі крокі, пацвердзіўшы выдзяленне крэдыту і ўсталяваўшы невялікае падвышэнне цаны на газ. Але менавіта такая міласцівасць з боку Расеі насцярожвае, бо ўвесь год стасункі паміж Крамлём і Менскам заставаліся напружанымі», – заявіў міжнародны каардынатар Хартыі’97 Андрэй Саннікаў.

На думку дыпламата, раптоўны візіт Пуціна, да таго ж першы афіцыйны візіт за ўвесь час яго знаходжання на пасадзе прэзідэнта, прымушае задумацца пра рэальныя мэты прыезду расейскага прэзідэнта і пра тое, якія дамоўленасці насамрэч адбыліся. «Наўрад ці варта прымаць на веру, што пасля працяглых начных і дзённых перамоваў бакі абвясцілі пра тое, што яны дамовіліся па пазіцыях, вядомых задаўга да прыезду Пуціна. Хутчэй за ўсё, гаворка ішла пра больш сур'ёзныя пагадненні, якія пакуль не агалошваюць. Ёсць асцярога, якую ўскосна пацвердзіў Лукашэнка, што Расея ўцягвае Беларусь у ваенную канфрантацыю з Захадам і рыхтуе новыя ваенныя крокі, для ажыццяўлення якіх Крэмль мае патрэбу ў Беларусі. Расея даволі рашуча ўнесла мараторый на дзейнасць ДОВСЕ, прадстаўнікі вайскоўцаў адкрыта заяўляюць пра неабходнасць дэзавуяцыі Дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці, аб магчымасці размяшчэння за межамі Расеі тактычнай ядзернай зброі і інш. і інш..», – адзначыыў Андрэй Саннікаў, каментуючы вынікі візіту ў Беларусь прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна.

«Лукашэнка, сутыкнуўшыся з наступствамі ўласнай адсталай эканамічнай палітыкі, можа «абаперціся на расейскія штыкі» для захавання свайго рэжыму. Але гэта будзе прамая пагроза як яму самому, так і незалежнасці беларускай дзяржавы. Наступствы для Беларусі будуць катастрафічныя, таму неабходна вельмі ўважліва адсочваць любыя крокі Расеі ў гэтым кірунку і звяртаць увагу міжнароднай супольнасці, найперш, удзельнікаў ДОВСЕ, пагадненняў аб мерах бяспекі ў рамках АБСЕ, а таксама Злучаных Штатаў», – упэўнены міжнародны каардынатар Хартыі’97.

Апошнія навіны