Фідэль Кастра гатовы сысці ў адстаўку
- 18.12.2007, 8:41
Кубінскі лідэр Фідэль Кастра паведаміў у пісьмовым пасланні, што ён не мае намеру назаўжды заставацца ва ўладзе, і не збіраецца перакрываць дарогу "маладзейшым" дзеячам.
Ліст быў зачытаны ў панядзелак у эфіры папулярнай на выспе грамадска-палітычнай праграмы "Круглы стол", паведамляе ІТАР-ТАСС.
"Мой асноўны доўг – не трымацца за пасаду і, тым больш, не заступаць дарогу значна маладзейшым людзям", – гаворыцца ў лісце Кастра, які нязменна знаходзіцца на вышэйшай пасадзе Кубы з 1959 года. Паводле яго слоў, доўг у тым, каб "дзяліцца досведам і ідэямі, чыя сціплая каштоўнасць паходзіць з выключнага часу, які я пражыў".
Як адзначае BBC, ліст Кастра – гэта пакуль першая прыкмета таго, што ён дапускае магчымасць сходу з сваіх пасад. Гэта далёка не першы з пісьмовых твораў Кастра, якія распаўсюджваліся на Кубе з часу яго хваробы: дзяржаўныя СМІ краіны апублікавалі дзесяткі артыкулаў і каментараў пад яго імем. Але дагэтуль Кастра ніводнага разу не закранаў у іх пытання сваёй будучыні.
Эксперты адзначаюць, што згадванне "значна маладзейшых людзей" можа азначаць, што Фідэль неабавязкова бачыць сваім пераемнікам 76-гадовага брата Раўля, якому летась часова перадаў кіраўніцтва краінай, захаваўшы за сабою фармальна ўсе партыйныя і дзяржаўныя пасты.
На пачатку снежня Фідэль Кастра быў высунуты ў дэпутаты Нацыянальнай асамблеі ад муніцыпіі Сант'яга-дэ-Куба, што можна расцэньваць як прыкмету таго, што Кастра не губляе надзеі з часам вярнуцца да ўлады.
31 ліпеня 2006 года Кастра часова перадаў свае паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы брату Раўлю пасля цяжкай аперацыі на кішэчніку, падрабязнасці якой не раскрываліся. Кастра не з'яўляецца на публіцы ўжо больш як 16 месяцаў, аднак урад некалькі разоў дэманстраваў фота- і відэакадры, на якіх Кастра выглядаў даволі актыўным. З канца сакавіка ён пачаў публікавацца ў мясцовай прэсе і з тых часоў напісаў ужо больш як 60 артыкулаў. У ніводным з іх ён не паведаміў пра стан свайго здароўя або пра перспектывы вяртання да ўлады.