Службоўцы прадракаюць крызіс
- 26.12.2007, 11:07
Ва ўрадзе Беларусі разумеюць небяспеку эканамічнай палітыкі, якая праводзіцца Аляксандрам Лукашэнкам. Пра гэта заявіў кіраўнік аналітычнага цэнтра «Мізэса» Яраслаў Раманчук, у якога ёсць тэкст адпаведнага дакладу.
Беларуская апазіцыя асцерагаецца росту залежнасці Менска ад Масквы ў сувязі з нядаўнім выдзяленнем расейскага крэдыту ў памеры 1,5 млрд дал. і абяцаннем расейскага кіраўніцтва ў 2008-м даць у доўг Беларусі яшчэ 2 млрд. Галоўнае пытанне ў тым, як Менск распарадзіцца атрыманымі сродкамі.
Беларусь звярнулася да Расеі з просьбай аб выдзяленні крэдыту ўвесну гэтага года пасля значнага росту цэн на расейскія нафту і газ. Рашэнне аб крэдыце было прынятае падчас візіту ў Менск Уладзіміра Пуціна, які адбыўся ў сярэдзіне снежня.
«Падвышэнне кошту газу стала шокам для беларускай эканомікі. І гэтае пытанне застаецца актуальным, бо невядома, як будзе змяняцца цана цягам 2008 года», – сказала «Времени новостей» намесніца кіраўніка даследчага цэнтра беларускага Інстытута прыватызацыі і мэнэджменту Ірына Тачыцкая. Гэтымі днямі «Газпром» абвясціў, што цана на газ для Беларусі ў першым квартале 2008 года складзе 119 дал. за тысячу кубаметраў.
На думку спадарыні Тачыцкай, ні цяперашні 1,5-мільярдны крэдыт, ні наступнае запазычанне ў 2 млрд дал. Не з’яўляюцца значнай пагрозай: «Моцнага ўплыву на сітуацыю гэта не зробіць. Беларуская эканоміка ўжо сёння залежыць ад Расеі, таму што расейскі рынак з'яўляецца найбольш важным рынкам збыту беларускіх тавараў, а іх канкурэнтаздольнасць апошнім часам зніжаецца». Адмоўнае сальда Беларусі ў гандлі з Расеяй па выніках студзеня – кастрычніка перавысіла 6 млрд даляраў.
Незалежныя эксперты сходзяцца ў тым, што пры адсутнасці сістэмных ператварэнняў у эканоміцы залежнасць Беларусі ад Расеі будзе толькі ўзрастаць. «Калі б краіна зрабіла стаўку на эканамічныя рэформы, калі б яна сапраўды наладжвала сувязі з Еўропай, перспектыва была б іншая. Але ў Менска за спіной глухая сцяна, а гэта значыць, што рана ці позна ён можа апынуцца прыпёртым да гэтай сцяны», – сказаў «Времени новостей» беларускі палітолаг Аляксандр Класкоўскі.
Кіраўнік беларускага аналітычнага цэнтра «Мізэса» Яраслаў Раманчук сцвярджае, што ва ўрадзе Беларусі разумеюць небяспеку эканамічнай палітыкі, якая праводзіцца цяпер. Эксперт заяўляе, што валодае тэкстам дакладу, у якім уплывовыя беларускія службоўцы прадракаюць нарастанне крызісных з'яў у эканоміцы ў самыя блізкія два гады.
«Службоўцы лічаць небяспечнымі праблемы гандлёвага і аплатнага балансу. У дакладзе гаворыцца аб празмерна высокую канцэнтрацыю падаткаплацельшчыкаў і экспарцёраў, якая ёсць у тым, што цэлыя галіны залежаць ад некалькіх ключавых прадпрыемстваў», – распавёў «Времени новостей» Яраслаў Раманчук. Па словах эксперта, у дакладзе згадваецца пра інвестыцыйныя памылкі ўрада і пра празмерны рост аб'ёмаў крэдытавання насельніцтва і прадпрыемстваў.
«Нягледзячы на аб'ектыўны аналіз сітуацыі, урадавыя эксперты не прапаноўваюць правядзення структурных ператварэнняў, лічачы, што праблемы можна вырашыць савецкімі метадамі», – адзначыў спадар Раманчук. Ён выказаў здагадку, што «расейскія крэдыты наўрад ці будуць укладзеныя ў праекты, якія дазволілі б зарабіць дастаткова сродкаў для пагашэння асноўнага доўгу і працэнтаў па ім. Хутчэй за ўсё грошы будуць выдаткаваныя на праяданне».
На думку Аляксандра Класкоўскага, «залежнасць Беларусі ад Расеі звязаная не столькі з атрыманнем крэдытаў, колькі з адсутнасцю ў Менска волі зрабіць выбар на карысць эканамічных рэформ».