BE RU EN

Расея паставіць Ірану некалькі дзесяткаў комплексаў С-300

  • 26.12.2007, 13:26

Расея паставіць Ірану зенітна-ракетныя комплексы С-300, заявіў міністр абароны Ісламскай Рэспублікі Мастафа Махаммад Наджар. Крыніца "Інтэрфакса" ў расейскім абаронна-прамысловым комплексе пацвердзіла: пастаўка адбудзецца. "Згодна з падпісаным некалькі гадоў таму кантрактам Расея паставіць Ірану некалькі дзесяткаў ЗРС С-300ПМУ1", – сказаў суразмоўца агенцтва.

"ЗРК С-300 будуць пастаўленыя Ірану ў рамках дамовы, заключанай раней з Расеяй", – цытуе кіраўніка іранскага абароннага ведамства інфармацыйнае агенцтва FARS. Паводле яго слоў, "тэрміны пастаўкі будуць абвешчаныя пазней", паведамляе NEWSru.com.

Наджар абверг наяўнасць сувязі паміж дадзеным пагадненнем і змяненнямі ў сітуацыі вакол іранскай ядзернай праграмы або дакладам Нацыянальнай выведкі ЗША па Іране, у якім, у прыватнасці, адзначанае, што ўвосень 2003 года Іран спыніў праграму па стварэнні ядзернай зброі.

Дырэктар Федэральнай службы па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве Міхаіл Дзмітрыеў, які прыняў на мінулым тыдні ўдзел у 4-м пасяджэнні расейска-іранскай міжурадавай камісіі па ВТС, раней заявіў у інтэрв'ю ІТАР-ТАСС, што "пастаўкі ў Іран зенітна-ракетнага комплексу С-300 не абмяркоўваліся".

Даведка: ЗРК-300

Зенітна-ракетныя комплексы С-300 (S-300) валодаюць высокай памехаабароненасцю і здольныя адначасова абстрэльваць да 24 цэлей з навядзеннем на кожную цэль да 2 ракет з адной пускавой усталёўкі (ПУ) або да 4 ракет з дзвюх ПУ. Увесь працэс баявой працы максімальна аўтаматызаваны.

С-300 у стане знішчыць усе сучасныя паветраныя цэлі (самалёты, крылатыя і балістычныя ракеты) у зоне: па далёкасці 6-75 км - аэрадынамічныя; 6-40 км - балістычныя. Максімальная далёкасць паразы цэлі - 150 км.

Ёсць некалькі мадыфікацый комплексу: C-300В, С-300ПМУ, C-300 ПМУ-1. Усе яны адрозніваюцца толькі характарыстыкамі ракет і знешнім выглядам транспартна-пускавога кантэйнера. Комплекс размяшчаецца на гусенічнай або колавай базе ("Урал" або "МЗКТ") у залежнасці ад мадыфікацыі. Час разгортвання комплексу без папярэдняй падрыхтоўкі складае 5 хвілін.

Апошнія навіны