Бернд Штанге: «Вы ведаеце, дзе цяпер падручныя Хусейна? У турме альбо на тым свеце»
- 27.12.2007, 11:15
Галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе Бернд Штанге ў інтэрв'ю «Прессболу» аспрэчыў інфармацыю, надрукаваную ў нямецкім выданні "Sueddeutsche Zeitung".
У артыкуле гаворка ішла пра тое, што Штанге працуе ў краінах-дыктатурах: ад Ірака да Беларусі.
"На жаль, не ўсім журналістам можна давяраць. Мяне вельмі засмуціла тое, што напісала "Sueddeutsche Zeitung". Ведаю, што "Прессбол" перавёў гэтае інтэрв'ю, і водгукі чытачоў былі неадназначнымі. Таму хачу сказаць, што я ніколі не казаў: маўляў, у Беларусі няма зборнай U-21 і сістэмы юнацкага футбола. Гэта поўная бязглуздзіца, як такое можна было ўвогуле прыдумаць? Я ўвесь час знаходжуся ў кантакце з трэнерамі зборных малодшых узростаў, а "маладзёжка" лідзіруе ў адборачнай групе чэмпіянату Еўропы…
Я даў нямала інтэрв'ю – напрыклад, газетам "Tageszeitung Berlin", "FAZ" вядомаму таблоіду "Bild". Усе яны надрукавалі мае словы без скажэнняў. Магу прывезці гэтыя газеты і паказаць вам! Але, на жаль, не ўсе вашы калегі дзейнічаюць сумленна. "Sueddeutsche Zeitung", дарэчы, потым звярталася да мяне за каментарам жараб'ёўкі адборачнага турніру чэмпіянату свету. Але я наадрэз адмовіўся з імі размаўляць. Часам паглядзіш – чаго толькі пра мяне не напішуць! Маўляў, я быў правай рукой Садама Хусейна. Ну, вядома! Вы ведаеце, дзе цяпер падручныя былога іракскага дыктатара? У турме або на тым свеце. Я ж – проста трэнер, і зборная Ірака стала адным з этапаў маёй кар'еры", – сказаў галоўны трэнер зборнай Беларусі.
Тэкст артыкула "Sueddeutsche Zeitung" пра Бернда Штанге можна прачытаць на нашым сайце ТУТ