BE RU EN

ДАІ згодна распаўсюджваць флікеры «За свабоду»

  • 5.12.2007, 8:29

Рух «За свабоду» падтрымаў акцыю ДАІ. Дзеля бяспекі пешаходаў на дарогах актывісты Руху выпусцілі першую серыю флікераў з выявай нацыянальнага сцяга.

Ініцыятар акцыі Юрась Губарэвіч, намеснік старшыні Руха, перакананы, што флікеры паспрыяюць бяспецы на дарогах.

«Мы не хочам, каб беларусы гінулі пад коламі аўтамабіляў. Яны мусяць быць бачнымі ў цемры, — кажа Юрась Губарэвіч. — Ідэя ўвогуле ўзнікла пасля таго, як супрацоўнікі ДАІ правялі шэраг мерапрыемстваў па папулярызацыі гэтага элементу адзення. Таму мы і замовілі першую партыю флікераў. Выраблена некалькі соцень святлоадбіваючых элементаў. Флікеры будуць распаўсюджвацца бясплатна праз сетку нашых актывістаў пераважна ў рэгіёнах. На іх ёсць нацыянальная сімволіка. Наш нацыянальны сцяг мусіць асвятляць дарогу і ў цемры».

Флікер выраблены ў выглядзе рамбавіднага брэлка, на адным баку якога размешчана выява нацыянальнага сцягу, а на другім — сімвал руху «За свабоду». Яго можна будзе мацаваць на заплечніку ці вопратцы. У перспектыве Рух плануе выраб і распаўсюд адбіваючай святло бел-чырвона-белай нарукаўнай стужкі.

Прэс-служба Мінскага ўпраўлення ДАІ цалкам ухваляе падобныя ініцыятывы.

«Мы шчыра вітаем і нават заахвочваем ініцыятывы арганізацый вырабляць і бясплатна распаўсюджваць флікеры, калі ёсць такая магчымасць. Адна з умоў, каб флікеры адпавядалі пэўным стандартам. Няхай там будзе рэклама арганізацыі. Мы нават самі згодны іх раздаваць у школах і навучальных установах праз нашыя структуры», — паведаміла прэс-сакратар Мінскай ДАІ Жана Трайно.

Апошнія навіны