BE RU EN

Рада Еўразвяза стала на абарону беларускай прэсы

  • 5.12.2007, 13:10

Рада Еўразвяза спадзяецца, што судовы працэс у дачыненні газеты "Новы час" пройдзе "згодна з міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі ў галіне свабоды выказвання і прэсы". Пра гэта гаворыцца ў каментары БелаПАН Крысціны Галлах, прэс-сакратаркі вярхоўнага камісара ЕЗ Хаўера Саланы.

Нагадаем, 23 лістапада сябар Савета Рэспублікі Мікалай Чаргінец падаў у суд Першамайскага раёна Менска пазоў аб абароне гонару і годнасці да газеты "Новы час" і журналіста Аляксандра Тамковіча. Ісцец патрабаваў ад рэдакцыі пакрыцця маральнай шкоды ў памеры 500 млн. рублёў, ад журналіста – 100 млн., а таксама арыштаваць рахункі прыватнага выдавецкага ўнітарнага прадпрыемства "Время новостей", якое выдае газету. Прэтэнзіі засноўваюцца на нарысе А.Тамковіча "Генерал-сенатар Чаргінец", апублікаваным 24 верасня 2007 года.

Папярэдні разгляд пазову прызначаны на 5 снежня.

К.Галлах адзначыла, што Рада Еўразвяза "ўважліва сочыць за развіццём гэтай справы". "Важнасць свабоды прэсы – адзін з найважнейшых пунктаў перамоваў з беларускімі ўладамі", – падкрэсліла прэс-сакратарка Х.Саланы. На яе думку, прэтэнзіі істца "завышаныя" і сведчаць пра тое, што пазоў "палітычна матываваны і накіраваны на закрыццё “Новага часу”. ЕЗ працягне сачыць за судовай справай, паведаміла К.Галлах.

Варта адзначыць, што газета Менскай гарадской рады грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" "Новы Час" пачала выходзіць у сакавіку 2002 года. У выданні прадстаўленыя розныя аспекты нацыянальнай гісторыі і культуры, наяўная інфармацыя і праблемы сучаснага жыцця Беларусі.

Апошнія навіны