Палітвязьня Фінькевіча перавялі ў камэру для асуджаных
- 12.01.2008, 10:56
Сябры Артура Фінькевіча даведаліся зь ягоных лістоў, што палітвязьня перавялі ў іншую камэру – для ўжо асуджаных. Маладзёвага актывіста, які ўжо адбываў “хімію”, у сьнежні пакаралі яшчэ на паўтара года зьняволеньня.
Фінькевіч абскардзіў прысуд і зараз чакае разгляду сваёй скаргі. Да гэтага часу ён ня можа лічыцца ўжо асуджаным і таму перавод яго ў гэтак званую камэру-“асуджанку” адмыслоўцы называюць незаконным, паведамляе “Радыё Свабода”.
Паводле зьвестак, адміністрацыя магілёўскага ізалятару прапануе Артуру Фінькевічу пагадзіцца на адпраўку ў калёнію да разгляду скаргі, але актывіст не саступае.
У новай для сябе камэры ён сустрэў горшыя ўмовы. Спачатку пры 18-ці месцаў там знаходзілася болей за 20 чалавек, даводзілася спаць па чарзе. “Цяпер стала лепей. Колькі месцаў – столькі і вязьняў”, – спаслалася на апошні ліст Артура ягоная сяброўка Людміла Атакулава.
Паводле зьвестак Людмілы Атакулавай, Артур Фінькевіч пачаў знаёміцца з матэрыяламі, якія разгледзяць падчас вырашэньня ягонай скаргі ў Магілёўскім абласным судзе. Калі адбудзецца разгляд скаргі дагэтуль невядома.