BE RU EN

Амапаўцы зьбівалі людзей у аўтазаках

  • 12.01.2008, 13:16

Усіх арыштаваных удзельнікаў акцыі пратэсту супраць палітыкі ўладаў у дачыненьні да малога бізнэсу ў Беларусі, якая адбылася 10 студзеня ў Менску, трымаюць у турме на вуліцы Акрэсьціна.

Супрацоўнікі спэцпрыёмніка пагадзіліся прыняць ад сваякоў толькі цёплыя рэчы і прадметы асабістай гігіены. Ежу не перадалі ніводнаму з арыштаваных, паведамляе “Радыё Свабода”.

Увогуле асуджаныя да арышту 23 удзельніка акцыі. Пяць чалавек трапілі ў турму з траўмамі. Сярод іх – Міхась Крываў. Ён распавёў “Свабодзе”, што ўсіх зьбівалі ў “аўтазаку”:

“Мяне затрымалі на праспэкце Незалежнасьці, зацягнулі ў “аўтазак”, кінулі на падлогу. Байцы спэцназу міліцыі білі ў патыліцу дубінкамі. Білі ўсіх, хто там знаходзіўся. Дзяўчат таксама білі і зьдзекаваліся маральна. Казалі ўсялякія непрыстойнасьці, абражалі”.

Студэнтка ўнівэрсытэту фізкультуры Тацяна Цішкевіч была зьбітая спэцназаўцамі ў “аўтазаку”. У судзе яна прадэманстравала куртку, залітую крывёю. Нягледзячы на тое, што міліцыянты не давалі нікому наблізіцца да затрыманых, Тацяна пасьпела сказаць некалькі словаў, калі яе выводзілі з судовай залі:

“На мяне вельмі гучна крычалі матам, білі... Абзываліся ўсяляк”.

Тацяна адзіная, каго арыштавалі на 20 сутак. Дзяўчынкам, у адрозьненьне ад хлопцаў, даводзіцца адбываць арышт у больш жорсткіх умовах. Часьцей за ўсё іх трымаюць у адной камэры з жанчынамі-п’яніцамі, якіх арыштавалі пасьля таго, як сваякі выклікалі міліцыю, бо зь імі немагчыма было знаходзіцца ў адной кватэры. Даволі часта здараюцца выпадкі, калі міліцыянты выклікаюць псыхіятрычную брыгаду, бо ў п’яніц пачынаецца “белая гарачка”, і тады яны ўяўляюць сур’ёзную небясьпеку для суседак па камэры.

Пасьля таго, як пачаў дзейнічаць новы Адміністрацыйна-выканаўчы кодэкс, супрацоўнікі спэцпрыёмнікаў больш не прымаюць для арыштаваных харчовыя перадачы. У судзе сябры і сваякі затрыманых таксама зь цяжкасьцямі могуць перадаць толькі ваду. Бацькі Арсеня Пахомава, які цяпер адбывае 15 сутак арышту прасілі ў Цэнтральным судзе мэдыкаў “хуткай” паўплываць на сытуацыю і перадаць затрыманым ежу, але безвынікова:

“Ён цяпер хварэе. У яго грып, апроч таго, горла, насмарк, хворы страўнік. Я прасіла перадаць каплі ў нос і таблеткі. Вельмі хвалююся. Ня ведаю, ці галодны ён, які ягоны стан. Але ўзялі цёплы швэдар”.

Другі сакратар амбасады ЗША Стывэн Гілан выказаўся “Радыё Свабода”, што трымаць людзей некалькі гадзінаў без вады і ежы ёсьць парушэньнем іх элемэнтарных правоў:

“Мы спадзяемся, што ў будучыні ўлады лепш будуць клапаціцца пра гэтых маладых людзей”.

Людзі, якія адбываюць арышты пасьля ўвядзеньня новых правілаў, адзначаюць, што харчаваньне ў турмах стала значна горшае. Цяпер на сьняданак даюць шклянку гарбаты і кавалак хлеба. Абед спалучаюць зь вячэрай – суп, каша і шклянка гарбаты.

У камэрах холадна. Не хапае сьвежага паветра. На шпацыр нікога не выводзяць. Апроч таго, так званых “палітычных” не вывозяць на грамадзкія працы. Душ дазваляецца раз на тыдзень.

Апошнія навіны