Улады ліквідуюць аб'яднанне прадпрымальнікаў
- 13.01.2008, 16:07
Міністэрства юстыцыі падало ў Вярхоўны суд пазоў аб ліквідацыі Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва". У паведамленні, размешчаным 12 студзеня на сайце міністэрства, адзначаецца, што "10 студзеня 2008 года ў горадзе Менску прайшоў несанкцыянаваны мітынг прадпрымальнікаў, у якім нараўне з іншымі асобамі ўзяў актыўны ўдзел лідэр Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка".
"Падчас правядзення згаданага несанкцыянаванага мітынгу прадпрымальнікаў быў паралізаваны рух транспарту па праспекце Незалежнасці ў раёне плошчы Незалежнасці ў г. Менску (цягам 1 гадзіны 20 хвілін). Дзеяннямі арганізатараў дадзенага несанкцыянаванага мітынгу, у тым ліку Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва", прычыненая значная шкода інтарэсам грамадзян, дзяржаўным і грамадскім інтарэсам", – гаворыцца ў паведамленні.
Закон "Аб грамадскіх аб'яднаннях" змяшчае норму аб тым, што "грамадскае аб'яднанне можа быць ліквідаванае па рашэнні суду за аднаразовае парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі", падкрэслівае Мінюст.
"З часткі другога артыкула 15 закона "Аб масавых мерапрыемствах" вынікае, што грамадскія аб'яднанні, адказныя асобы якіх не забяспечылі належнага парадку арганізацыі і правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі і пікетавання, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры або істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян, арганізацый альбо дзяржаўным або грамадскім інтарэсам, могуць быць ліквідаваныя ва ўсталяваным парадку", – гаворыцца ў паведамленні Міністэрства юстыцыі.
Аб'яднанне прадпрымальнікаў "Перспектыва" было зарэгістраванае 12 сакавіка 2003 года. Яго лідэр А.Шумчанка 11 студзеня асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.