Бел-чырвона-белы сцяг у гонар героя Беларусі
- 14.01.2008, 9:22
Адвячоркам нядзелі, прыкладна а 20-й гадзіне, над пяціпавярховым будынкам па вуліцы Герцана ў Віцебску залунаў беларускі нацыянальны сцяг.
Спасылаючыся на крыніцы, вартыя даверу, адзін з найстарэйшых актывістаў дэмакратычнага руху Барыс Хамайда паведаміў, што гэтая акцыя прысвечана народзінам вядомага беларускага змагара за свабоду Айчыны Янкі Філістовіча, якому 14 студзеня магло б споўніцца 82 гады.
Спадар Хамайда паведаміў "Радыё Рацыя" тэкст, які напісаны на прымацаванай да сцяга цыдулцы:
— «Да народзінаў мужнага змагара Янкі Філістовіча, для якога лёс Радзімы быў значна вышэй за ўласнае жыццё. Слава беларускаму герою!» І подпіс: «Мірон».
Дваццаціпяцігадовы Янка Філістовіч у 1951-м стварыў партызанскі атрад дзеля барацьбы з бальшавіцкай уладай. Быў здраджаны, схоплены і ў 1953-м годзе расстраляны.
Праз хвілін дваццаць пасля таго, як сцяг Мірона залунаў над вуліцай, прыехалі міліцыянты, потым МНСаўцы.