BE RU EN

«21 студзеня на Плошчы нас зьбярэцца яшчэ больш!»

  • 14.01.2008, 10:12

На гэты дзень на свабодзе засталіся толькі двох з шасьці арганізатараў пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня – Аляксандр Таўстыка і Віктар Крываль. Але сёньня яны заяўляюць, што 21 студзеня пратэст прадпрымальнікаў будзе яшчэ больш масавым.

“Намаганьні прадпрымальнікаў ідуць па нарастаючай. І пачалося ўсё з таго, што заяўнікі страйку на 10 сьнежня не адмовіліся ад сваёй ідэі. 10 студзеня людзей на плошчы было ўжо ў некалькі раз болей. Таму 21 студзеня нас мусіць сабрацца яшчэ больш ”, -- сказаў у інтэрв’ю “Радыё Свабода” лідэр прадпрымальнікаў Віктар Крываль.

“Дарэчы, я прапанаваў: зьбірацца кожнага 10, 20, 30 дня месяца, а паміж імі – ля мясцовых адміністрацыяў. Калі і тут прадпрымальнікі, асабліва наёмныя работнікі выйдуць да афіцыйных будынкаў, то да іх далучацца і людзі, пазбаўленыя льгот. Проста пакупнікі, якія зараз ходзяць, напрыклад, у нас па Ўзьдзе, і ня ведаюць, што дзе купіць. Бо ўсё пазачынена”, -- паведаміў прадпрымальнік.

На пытаньне, ці ўдалося жорсткімі мерамі падаўленьня акцыі, арыштамі, зьбіцьцём арыштаваных запужаць прадпрымальніцкую масу, Віктар Крываль адказаў:

“Наўрад ці ўдасца гэта зрабіць. Чаму? Я ўжо згадваў: першыя заяўнікі не спужаліся. 21-е і пакажа, якія высновы яны зрабілі. Нармалёва атрымалася, што арганізатарамі прадпрымальніцкіх акцыяў у адрозьненьне ад палітычных мерапрыемстваў, сталі людзі з рэгіёнаў. З Гомеля, Салігорска, Барысава, Узды… Мне падаецца, улада будзе дзейнічаць так. Першае: хапаць людзей і дэманстраваць сваю нібыта рашучасьць, не саступаць нам. Другое: яны ўсяляк будуць імкнуцца адцягнуць нашыя акцыі на пазьнейшы тэрмін. Дзеля чаго праз сваіх людзей у прадпрымальніцкім асяродку стануць прапаноўваць: ня трэба гэта рабіць 21-га, давайце, можа, 10-га лютага ці пазьней. Але чым далей адцягваецца вырашэньне гэтай праблемы, тым больш карысьці ўладзе”, -- лічыць прадпрымальнік.

Апошнія навіны