Эдмінас Багдонас: «Віленскія падзеі 13 студзеня 1991 года змянілі свядомасць людзей»
- 15.01.2008, 8:41
Прэзентацыя дакументальнага фільма «Літва, 13 студзеня 1991 года» адбылася 14 студзеня ў амбасадзе Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі. Паказ быў арганізаваны ў 17-ую гадавіну драматычных падзей, звязаных з абаронай свабоды і дэмакратыі, у найноўшай гісторыі Літвы.
Прадстаўляючы фільм Літоўскага тэлебачання, створаны ў 1991 годзе па гарачых слядах, амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас адзначыў, што ў ім скарыстаныя кадры, знятыя некалькімі літоўскімі аператарамі і нарвежскім тэлежурналістам і змантаваныя ў храналагічным парадку.
Па словах дыпламата, падзеям, якія паказаныя ў фільме, папярэднічала прыняцце літоўскім парламентам 11 сакавіка 1990 года Дэкларацыі аб дзяржаўнай незалежнасці Літвы. Кіраўніцтва СССР было катэгарычна супраць гэтага. У студзені 1991 года, скарыстаўшыся складанай эканамічнай і палітычнай сітуацыяй у Літве, рэакцыйныя сілы распачалі спробу аднавіць ранейшае становішча. На вуліцах літоўскіх гарадоў з'явілася савецкая ваенная тэхніка з узброенымі салдатамі. У Вільні вайскоўцы занялі некалькі стратэгічных аб'ектаў, у тым ліку будынак радыё і тэлебачання і тэлевежу. Узброеным салдатам супрацьстаялі бяззбройныя грамадзяне. Ля тэлекомплексу загінулі 14 грамадзян Літвы, былі параненыя і знявечаныя каля 600 чалавек.
Аднак рашучасць сотняў тысяч грамадзян адстойваць незалежнасць сваёй краіны дапамагла прадухіліць штурм будынка парламента, адзначыў Э.Багдонас. 9 лютага 1991 года быў праведзены плебісцыт, падчас якога 85% жыхароў Літвы прагаласавалі за незалежнасць і дэмакратыю ў краіне.
Як непасрэдны ўдзельнік студзеньскіх падзей 1991 года ў Вільні Э.Багдонас, паводле яго слоў, ведае, што выпрабаванні, якія выпалі на долю краіны і яе грамадзян, "змянілі свядомасць не толькі літоўцаў, але і шматлікіх іншых людзей". "Мы даказалі, што хочам і годныя незалежнасці. І мы гэтым ганарымся", – падкрэсліў літоўскі дыпламат.
Паводле яго слоў, у тыя дні мітынгі ў падтрымку грамадзян Літвы прайшлі ў Кіеве, Львове, Рызе, Таліне і іншых гарадах.
Камуністычная партыя была названая "злачыннай арганізацыяй" і дагэтуль забароненая ў Літве. Дзень абаронцаў свабоды, які штогод адзначаецца ў Літве 13 студзеня, стаў не толькі днём памінання ахвяр, але і "днём перамогі волі і розуму мірных грамадзян над узброенай агрэсіяй і гвалтам", сказаў Э.Багдонас.