Лукашэнка стаў дыктатарам дзякуючы «Газпрому»?
- 17.01.2008, 9:53
У Нямеччыне прайшла прэзентацыя кнігі "Газпром. Пагадненне з уладай". Яе аўтары, расейскія журналісты Валеры Панюшкін і Міхаіл Зыгар, дзейнасці "Газпрома" ў Беларусі прысвяцілі асобны раздзел.
"Уся палітыка ў свеце трымаецца на энергарэсурсах і рухаецца за кошт энергарэсурсаў. Таму газам спрабуюць карыстацца ўсе. І тыя, у каго ён ёсць. І тыя, па чыёй тэрыторыі ён праходзіць. І тыя, па чыёй тэрыторыі ён не праходзіць, але можа прайсці", – гаворыць журналіст газеты "Коммерсант" Міхаіл Зыгар, які разам з калегам Валерыем Панюшкіным прысвяціў беларускаму пытанню ў сваёй кнізе "Газпром. Пагадненне з уладай" цэлы раздзел. Называецца ён "Жыве Беларусь!", паведамляе "Нямецкая хваля".
Лёсавызначальны праект "Ямал-Еўропа"
Аўтары кнігі апісваюць, як пачыналася гісторыя газавых узаемаадносінаў паміж Расеяй і Беларуссю. У 1994 годзе Газпром вырашыў будаваць газаправод "Ямал-Еўропа". Рашэнне было звязанае з жаданнем канцэрна дыверсіфікаваць газавыя патокі і не залежаць ад Украіны, якая ў той час завінавацілася газаздабываўцу 900 млн. даляраў. Прыкладна ў гэты самы час прэзідэнтам Беларусі становіцца Аляксандр Лукашэнка. Тады, мяркуюць аўтары, кіраўніцтва "Газпрома" і паняцця не мела, што рашэнне будаўніцтва газавай трубы праз Беларусь стане для гэтай краіны лёсавызначальным. Так у свежага прэзідэнта, які ўжо неўзабаве пачаў выяўляць дыктатарскія схільнасці, з'явілася ў руках магутная стратэгічная зброя пад назовам газ. Гаворыць Міхаіл Зыгар:
"Аляксандр Лукашэнка стаў самым страшным еўрапейскім дыктатарам выключна дзякуючы таму, што ён сядзіць на газавай трубе, якая вядзе з Расеі ў Заходнюю Еўропу. Калі б не было гэтай трубы, рэжым бы ў Беларусі быў цалкам іншым".
Палітычныя наступствы эканамічных рашэнняў
Аляксандр Лукашэнка вельмі хутка адчуў сваю сілу і моц, нягледзячы на тое, што газ яму зусім не належаў. Але "блакітнае паліва" ішло па тэрыторыі краіны, і ён, адзначае Міхаіл Зыгар, скарыстаўся ім як зброяй:
"Што тычыцца самага простага спосабу маніпуляваць сваімі партнёрамі на палітычнай арэне пры дапамозе "Газпрома", то проста паглядзіце на цэны, па якіх прадаецца газ у Беларусь, і як дзякуючы гэтым цэнам утрымліваецца цалкам жахлівы рэжым Лукашэнкі, і гэта чыста палітычныя наступствы эканамічных рашэнняў, якія прымаліся ў кампаніі, або, больш дакладна, навязваліся кампаніі".
Па першым адгалінаванні газаправода "Ямал-Еўропа", якое праходзіць праз Беларусь, цяпер перапампоўваецца каля 33 млрд. кубаметраў газу ў год. У кнізе "Газпром. Пагадненне з уладай" гаворыцца, што, па некаторых ацэнках, сваім дабрабытам Беларусь прыкладна на чвэрць абавязаная "Газпрому". Роўна на столькі ж, пішуць аўтары, "Газпром" вінаваты ў тым, што Беларусь стала апошняй дыктатурай Еўропы.