Віктар Крываль: Лукашэнку сорамна глядзець у вочы прадпрымальнікам
- 23.01.2008, 9:15
"Прадпрымальнікі змушаныя звяртацца да палітычных спосабаў вырашэння эканамічных праблем", – заявіў актывіст кампаніі "За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва" Віктар Крываль, каментуючы выказванне Аляксандра Лукашэнкі.
Падчас наведвання сталічнай ратушы кіраўнік дзяржавы сказаў пра тое, што на мітынгу прадпрымальнікаў, які адбыўся ў Менску 21 студзеня, "бізнэсмэнаў амаль не было". "Іх была дзесятая частка, якая сабралася і сышла, заявіўшы, што іх падстаўляюць", – цытуе А.Лукашэнку БелаПАН.
Аднак актывіст прадпрымальніцкага руху гаворыць, што "людзі, якія прыйшлі на плошчу, думаюць усё-ткі інакш". "Калі б Лукашэнка прыйшоў на плошчу, ён бы ўпэўніўся, што на плошчы былі насамрэч прадпрымальнікі. І яны мітынгам засталіся задаволеныя. Бо ён адбыўся, нават нягледзячы на тое, што практычна ўсе лідэры і актывісты былі арыштаваныя", – адзначыў В.Крываль..
Ён сцвярджае, што прадпрымальнікі ўдзельнічалі ва ўсіх палітычных акцыях, якія праходзілі ў краіне, бо "з'яўляюцца апошняй апорай свабоды ў Беларусі". В.Крываль лічыць, што на прадпрымальнікаў "цяжка ўплываць – яны не абцяжараныя кантрактамі", і шмат у чым гэта і паслужыла штуршком да таго, што "на прадпрымальнікаў пачаліся ганенні".
"Гэта не віна, а бяда наша, што ўлада прымушае выходзіць на плошчу замест таго, каб цывілізавана вырашаць эканамічныя пытанні. Я так скажу: калі ў людзей не атрымоўваецца задаволіць эканамічныя патрабаванні, прычым некалькі разоў, самі па сабе ўзнікаюць патрабаванні палітычныя", – падкрэсліў актывіст кампаніі "За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва".