Лукашэнка ўсё яшчэ спадзяецца на танны газ
- 23.01.2008, 13:14
Афіцыйны Менск працягвае перамовы па цане на расейскі газ для Беларусі. На перамовы ў Маскву 22 студзеня выехала беларуская дэлегацыя на чале з міністрам эканомікі краіны Мікалаем Зайчанкам. "Раней бакі дамовіліся пра цану на расейскі газ для Беларусі на 2008 год.
Цяпер беларускі бок мае намер зафіксаваць цану на 2009 і на 2010 гады", – сказала расейскаму агенцтву ІТАР-ТАСС крыніца ў органах дзяржкіравання. Паводле яе слоў, перамовы па гэтым пытанні прайшлі ў Маскве ў канцы снежня, аднак бакі дамовіліся працягнуць абмеркаванне гэтага пытання ў канцы студзеня 2008 года.
Паводле пяцігадовага кантракту, падпісанаму 31 студзеня 2006 года, з 2008 года цана на расейскі газ для Беларусі павінна вызначацца па формуле, прывязанай да кошту нафтапрадуктаў на еўрапейскіх рынках. У гэтым годзе яна павінна скласці 67%, у наступным – 80%, у 2010 – 90% ад сярэднееўрапейскай цаны на газ за вылікам транспартных выдаткаў.
Новая формула цаны азначала пераход у расейска-беларускіх стасунках на новую методыку вызначэння цаны на газ зыходзячы з прынцыпу роўнапрыбытковасці продаж для расейскага канцэрна як на еўрапейскім, так і на беларускім рынках.
Калі зыходзіць з цаны $260 за тысячу кубаметраў (такі быў кошт газу для Польшчы на канец 2007 года) і ўсталяванага для Беларусі ў 2008 годзе дысконту, а таксама адняць транспартныя выдаткі, то цана на газ павінна была скласці каля $160 за тысячу кубаметраў. У першым квартале гэтага года Беларусь плаціць за газ $119 за тысячу кубаметраў.
Якой будзе цана надалей, пакуль не вядома, але як заяўляў раней у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 эканаміст Яраслаў Раманчук, «танная цана на газ – гэта цана, якую плаціць Беларусь за магчымасць уваходжання расейскіх фінансавых структур на беларускі рынак».
«Хоць тэма цаны расейскага газу для Беларусі чыста палітычная, нам усё роўна з часам давядзецца плаціць рынкавую цану і ад гэтага нікуды не сысці, калі, вядома, гаворка не ідзе пра страту незалежнасці краіны», – лічыць Яраслаў Раманчук.
Дарэчы, нядаўна прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка заявіў, што Украіна павінна плаціць за расейскі газ рынкавую цану, каб пазбегнуць газавага шантажу з боку Расеі. У якасці прыкладу Юшчанка прывёў Беларусь. «Беларусь плаціць за газ танна і іх Белтрансгаз ужо практычна ім не належыць. Мы не маем права дапусціць кантроль з боку Расеі над газатранспартнай сістэмай Украіны, гэта раўнацэннае страце незалежнасці краіны», – цытуе Юшчанка сайт korrespondent.net.
Нагадаем таксама, што пытанне цаны на расейскі газ для Беларусі ў апошнія некалькі гадоў стаіць даволі востра. Яшчэ ў 2004 годзе за няплату «Газпром» часова спыняў пастаўкі газу ў нашу краіну. Канфлікт тады закрануў і найбліжэйшых суседзяў, у прыватнасці, Польшчу, якая сутыкнулася з недапастаўкамі ўжо з боку Беларусі.
Апошні газавы кантракт, паводле якога здзяйсняюцца пастаўкі газу ў Беларусь на дадзеным этапе, быў падпісаны ў апошнія хвіліны 2006 года. Тым не менш афіцыйны Менск апошнім часам спрабуе тлумачыць умовы гэтага кантракту па-свойму і ўсяляк аспрэчыць цану, прапанаваную Газпромам, хоць расейскі манапаліст прапанаваў Беларусі даволі мяккі паступальны пераход на рынкавыя стасункі да 2011 года.