Лідэр Партыі БНФ заклікае спыніць перасьлед Зьмітра Жалезьнічэнкі
- 29.01.2008, 13:53
Старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі зьвярнуўся да міністра абароны Леаніда Мальцава і міністра адукацыі Аляксандра Радзькова. Ён заклікае спыніць перасьлед студэнта Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Зьмітра Жалезьнічэнкі.
Намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка пад час прэсавай канфэрэнцыі ў Менску заўважыў, што студэнтаў, якія цяпер знаходзяцца за кратамі ў турме на вуліцы Акрэсьціна, затрымалі прэвэнтыўна і арыштавалі паводле ілжывых абвінавачаньняў. Цяпер яны прапускаюць іспыты ў часе зімовай сэсіі і іх могуць адлічыць менавіта на гэтай падставе, паведамляе “Радыё Свабода”.
Лявон Баршчэўскі паведаміў, што дэмакратычныя сілы Беларусі таксама зьбіраюцца зьвярнуцца да эўрапейскіх інстытуцыяў, каб спыніць супрацоўніцтва і кантакты з тымі ВНУ, кіраўніцтва якіх адлічае студэнтаў, выконваючы палітычны загад.