BE RU EN

Экс-маёра міліцыі збівалі былыя калегі (фота)

  • 30.01.2008, 17:11

Віцебскі прадпрымальнік Сяргей Парсюкевіч, вызвалены пасля арышту за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў, змушаны быў адразу звярнуцца да медыкаў.

21 студзеня ён быў жорстка збіты супрацоўнікам менскага Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў. «Калі б я не вырваўся і не паклікаў на дапамогу, мяне б забілі», – сказаў былы маёр міліцыі Парсюкевіч прэс-цэнтру Хартыі’97. Дзеянні супрацоўніка турмы апынуліся для яго абсалютна нечаканымі і неапраўдана жорсткімі.

«Падчас звычайнай праверкі ў камеру зайшоў прапаршчык і загадаў усім устаць. Мабыць, яму здалося, што я ўставаў ня дастаткова хутка, ён ударыў мяне па нагах. Я абурыўся, што ён не мае на гэтае права. Тады ён прапанаваў мне прайсці ў пакой для апытання, куды я без усякага прымусу і пайшоў.

Калі мы апынуліся там адзін на адзін, прапаршчык пачаў мяне біць па твары. Я паспрабаваў абараняцца, стаў яго стрымліваць. Ён ад гэтага проста «азвярэў». Паклікаў яшчэ аднаго супрацоўніка, яны надзелі на мяне кайданкі і той прапаршчык стаў мяне збіваць як мог, па галаве, па рэбрах, па нырках, у тым ліку нагамі. Калі мяне сталі душыць, я зразумеў, што жывым магу адтуль не выйсці. Паспрабаваў вырвацца і нешта закрычаў, накшталт «Забіваюць! Ратуйце!». Толькі пасля гэтага збіванне спынілася», – распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97 Сяргей Парсюкевіч.

Па словах былога вязня Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна, пра тое, што адбывалася падчас збівання і потым, ён памятае не вельмі добра, бо быў у шоку. «Па-першае, гэта быў ужо восьмы дзень галадоўкі, якую я абвясціў адразу пасля прысуду суду. Па-другое, падчас збівання ў мяне пачаўся прыступ астмы і я стаў задыхацца яшчэ да таго, як той прапаршчык паспрабаваў мяне душыць, таму я нават не памятаю, хто аказваў мне першую дапамогу – мясцовы фельчар або медыкі з «хуткай», якую потым выклікалі», – гаворыць Парсюкевіч.

Паведамленне пра тое, што вінаваты ў збіванні міліцыянт сам абвінавачвае прадпрымальніка ў нападзе, Парсюкевіч каментуе так: «А што яму застаецца рабіць, гэта ж 100-працэнтнае перавышэнне паўнамоцтваў, крымінальная справа, вось і спрабуе выкруціцца. Хоць я не ўпэўнены, што ён панясе пакаранне, бо на палітычных працэсах суддзі не слухаюць довадаў, а выносяць пастановы па загадзе зверху», – упэўнены актывіст прадпрымальніцкага руху.

Старшыня САвета індывідуальных прадпрымальнікаў «Смаленскага рынку» ў Віцебску Сяргей Парсюкевіч з'яўляецца маёрам міліцыі ў адстаўцы. Выйшаў на пенсію ў 2004 годзе з пасады начальніка судова-крыміналістычнага аддзела, пасля чаго і пачаў займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю.

Ён быў затрыманы 13 студзеня. Прычым, прадпрымальнік сам прыехаў у мясцовы РАУС пасля працы, хоць і па настойлівым запрашэнні з боку супрацоўнікаў міліцыі, якія яшчэ раніцай з'явіліся на рынак і папрасілі «прайсці» з імі. Ужо ў РАУС Парсюкевічу паведамілі, што ён затрыманы за ўдзел у «несанкцыянаваным» мітынгу 10 студзеня ў Менску і ёсць загад этапаваць яго ў сталіцу.

Усе 15 сутак арышту Сяргей Парсюкевіч трымаў галадоўку ў знак пратэсту на пазапраўны арышт. У Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна яму тройчы выклікалі «хуткую» дапамогу, у тым ліку і пасля збівання.

Апошнія навіны