Міністэрства па падатках і зборах: «Будзем высвятляць, адкуль грошы ў турыстаў»
- 9.01.2008, 17:00
Падатковыя органы Менска хочуць атрымаць звесткі пра беларусаў, якія купілі ў 2007 годзе пуцёўкі даражэйшыя за тры тысячы ўмоўныя адзінкі. Ліст з просьбай падаць такія дадзеныя атрымалі сталічныя турфірмы. Копію гэтага дакумента "КП в Беларуси" перадаў прэс-цэнтр інтэрнэт-рэсурсу "Хартыя’97".
– Атрымліваецца, што мы павінны "здаць" сваіх кліентаў! – абурыўся дырэктар адной з турфірм. – У кожнага чалавека ёсць права на адпачынак і падарожжа, ён сам вырашае, колькі на гэта выдаткаваць.
Пакуль падаткавікі зацікавіліся толькі тымі, хто купляў пуцёўкі летась. Але хто ж дасць гарантыю, што гэтыя звесткі не будуць збіраць і далей? Бо яшчэ ўлетку 2006 года, напрыклад, падатковыя інспекцыі Гомеля зацікавіліся тымі, хто выязджае за мяжу часцей за адзін раз у год.
– Шмат х то спалохаецца і дарагія туры паедуць купляць у Кіеў, Маскву, Смаленск, –абураецца супрацоўніца іншай турфірмы. – Атрымаецца, што дзяржава таксама страціць грошы.
– А вы зараз будзеце папярэджваць турыстаў, што іх пуцёўка дарагая і звесткі могуць перадаць у падатковую?
– Вядома, не! У нас і так умовы працы не цукар.
АФІЦЫЙНА
– Гэта звычайная праца, калі супастаўляюцца прыбыткі і выдаткі грамадзян, – сказалі "Комсомолке" ў прэс-службе Міністэрства па падатках і зборах. – Пакуль яна праводзіцца толькі ў Менску. Калі ў чалавека ўсё легальна, то ніякіх праблем у яго не будзе. А калі ён дазваляе сабе пуцёўкі па тры тысячы, але не зарабляе столькі, будзем высвятляць, адкуль грошы.
МЕРКАВАННЕ КЛІЕНТА
– Мы з сям'ёй як раз улетку адпачывалі прыкладна на такую суму ў Турэччыне, – распавядае Марына, якая набыла пуцёўку ў беларускай турфірме. – Гэтыя грошы мы патрошку адкладалі з мінулай зімы. Вядома, яны шчыра заробленыя, але мне прыкра, што хтосьці лезе ў маё жыццё. Думаю, што наступным разам проста замоўлю паездку ў Маскве.
БУДЗЬ У КУРСЕ
Куды трэба ехаць, каб зацікавіць падаткавікоў?
- у Егіпет у дайвінг-тур на дваіх (цана на аднаго чалавека на 10 дзён ад 1400 даляраў)
- У Тайланд на два тыдні ўтрох (на аднаго чалавека ад 1000 даляраў)
- на Кубу на тыдзень удваіх (на аднаго чалавека ад 1500 даляраў)
- у Арабскія Эміраты на шэсць дзён удваіх (на аднаго чалавека ад 1560 даляраў)
- на Мальдзівы на 10 дзён удваіх (на аднаго чалавека ад 1860 даляраў)