Францыя выказала занепакоенасць «выбарамі» у Беларусі
- 1.10.2008, 9:04
Дзейснае старшынства Еўразвяза ў асобе Францыі выказала ў аўторак заклапочанасць у сувязі з вынікамі парламенцкіх выбараў у Беларусі пасля таго, як АБСЕ назвала іх недэмакратычнымі.
Ацэнкі АБСЕ "выклікаюць заклапочанасць" старшынства ЕС, "якое заклікае беларускія ўлады прыкласці высілкі, каб адпавядаць міжнародным дэмакратычным стандартам", гаворыцца ў дакуменце.
У Беларусі 28 верасня прайшлі «парламенцкія выбары». У іх удзельнічалі 264 кандыдаты па 110 выбарчых акругах. У ліку кандыдатаў былі каля 100 прадстаўнікоў апазіцыі, ніхто з іх не прайшоў у «парламент».
Місія назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ не прызнала «парламенцкія выбары» у Беларусі свабоднымі і дэмакратычнымі. Назіральнікамі АБСЕ адзначаныя «дрэнны і нездавальняючы» працэс падліку галасоў у 50% выпадкаў. 40% назіральнікаў казалі, што ў іх не было магчымасці ў поўнай меры ацаніць працэс падліку галасоў. Назіральнікамі АБСЕ зафіксаваныя выпадкі фальсіфікацыяў. "Выбары" адназначна не адпавядалі стандартам АБСЕ.