Сусветная прэса: «Незразумела, завошта ЕЗ узнагароджвае Лукашэнку»
- 14.10.2008, 11:49
Вядучыя выданні свету напісалі сёння аб рашэнні Еўразвяза адмяніць візавыя санкцыі супраць беларускага дыктатара Лукашэнкі і ягоных чыноўнікаў.
«ЕЗ і Беларусь у апошні час абменьваюцца нязвыклымі ветлівасцямі. Вядома, нармальныя адносіны лепш за блакаду, паколькі Беларусь уяўляе сабой найважнейшую транзітную краіну для сыравінных рэсурсаў. І няма сумневаў, што аўтакрат Аляксандр Лукашэнка – які адчувае наймацнейшыя эканамічныя цяжкасці – пасылае пазітыўныя сігналы. Ён імкнецца да збліжэння з Захадам і таму нават выпусціў з турмы некаторых прадстаўнікоў апазіцыі. Адначасова ён злуе Маскву, не падтрымліваючы яе ў прызнанні незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.
Але, тым не менш, пакуль яшчэ незразумела, завошта ЕЗ узнагароджвае Лукашэнку. Дыктатар зноў можа ездзіць на Захад, ЕЗ адмяніў сваю уведзеную ў 2004 годзе забарону. Але ці не гэты Лукашэнка праваліў іспыт на дэмакратычную сталасць падчас «парламенцкіх выбараў»? Ці не апынулася вельмі хутка, што ўсе ягоныя зданнёвыя меры па лібералізацыі – усяго толькі пыл, пушчаны ў вочы?», -- піша нямецкая газета «Berliner Zeitung».
«Фармальна гэтае рашэнне, прынятае ў панядзелак, было адказам на нядаўняе вызваленне палітвязняў беларускім урадам. Але брусэльскія дыпламаты выказалі меркаванне, што кароткая грузінска-расейская вайна ў жніўні, магчыма, прымусіла іншых суседзяў Расеі, у тым ліку Беларусь, занепакоіцца за сваю ўласную незалежнасць.
Аднак урады некаторых еўрапейскіх краін скептычна ставяцца да ідэі выкарыстаць гэтыя страхі на дыпламатычным узроўні. Яны сумняюцца, што апошнія ініцыятывы значна паўплываюць на пазіцыю беларускага ўрада, і гэта адбілася ў часовым характары саступкі, датычнай забароны на ўезд; праз шэсць месяцаў тэрмін яе дзеяння аўтаматычна пройдзе, калі дзяржавы-сябры ЕЗ не ўхваляць яе падаўжэнне аднагалосна», -- адзначае амерыканская «The New York Times».