Еўразвяз не збіраецца адмяняць санкцыі супраць беларускага рэжыму (Абноўлена)
- 2.10.2008, 9:21
Еўрапейскі Парламент неўзабаве разгледзіць праект рэзалюцыі па пытанні адносінаў з Беларуссю. У сувязі з недэмакратычнасцю «парламенцкіх выбараў», якія прайшлі ў Беларусі, у праекце рэзалюцыі Еўрапарламента не кажацца аб адмене санкцыяў супраць беларускага рэжыму.
Аб гэтым у інтэрв'ю «Польскаму радыё» паведаміў дэпутат Еўрапарламента, былы міністр абароны Польшчы і адзін з лідэраў «Салідарнасці» Януш Анышкевіч.
«У рэзалюцыі ўтрымліваецца прапанова не адмяняць санкцыі супраць уладаў Беларусі і не ўспрымаць «выбары» як нязначную падзею. Мы не хочам праводзіць палітыку ў стылі «нічога не адбылося» і працягваць адносіны з Беларуссю. Нельга заплюшчваць вочы на тое, што робіць Лукашэнка. Калі б мы зараз заплюшчылі вочы на тое, як прайшлі «парламенцкія выбары», гэта быў бы дрэнны крок з боку Еўропы. Галасаванне па рэзалюцыі пройдзе 8 кастрычніка», -- паведаміў Януш Анышкевіч.
У Беларусі 28 верасня прайшлі «парламенцкія выбары». У іх удзельнічалі 264 кандыдаты па 110 выбарчых акругах. У ліку кандыдатаў былі каля 100 прадстаўнікоў апазіцыі, але ніхто з іх не трапіў у «палату прадстаўнікоў».
Місія назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ не прызнала «парламенцкія выбары» у Беларусі свабоднымі і дэмакратычнымі. Назіральнікамі АБСЕ адзначаныя «дрэнны і нездавальняючы» працэс падліку галасоў у 50% выпадкаў. 40% назіральнікаў казалі, што ў іх не было магчымасці ў поўнай меры ацаніць працэс падліку галасоў. Назіральнікамі АБСЕ зафіксаваныя выпадкі фальсіфікацыяў. «Выбары» не адпавядалі стандартам АБСЕ.