Еўразвяз можа не вярнуць гандлёвыя прэферэнцыі для Беларусі
- 20.10.2008, 8:47
У лістападзе Адміністрацыйная рада Міжнароднай арганізацыі працы вернецца да разгляду «беларускага пытання».
На сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы, якая прайшла ў чэвені, Камітэт па нормах і стандартах заклікаў беларускія ўлады падаць да лістапада інфармацыю аб рэгістрацыі ў краіне прафсаюзаў і захаванні правоў сябраў прафарганізацый. Камітэт выказаў надзею, што Адміністрацыйная рада МАП на сваёй сесіі ў лістападзе зможа адзначыць пазітыўнае развіццё па беларускім пытанні. Але, падобна, Адміністрацыйную раду МАП чакае расчараванне.
«Істотнага прарыву ў выкананні рэкамендацый МАП не адбылося. Як і планавала Міжнародная Канферэнцыя працы, у лістападзе Адміністрацыйная рада МКП ізноў вернецца да разгляду «беларускага пытання». Аднак міжнародны семінар аб ходзе выканання ўрадам Беларусі рэкамендацый МАП, у якім на парытэтных пачатках павінныя былі ўдзельнічаць прадстаўнікі ўрада, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і незалежных прафсаюзаў, у кастрычніку не адбудзецца. Па просьбе ўрада ён пераносіцца, арыентыровачна, на студзень-люты 2009 года. Паміж тым, семінар задумляўся як своеасаблівы камертон для Адміністрацыйнай рады, які сведчыць аб гатовасці або не гатовасці ўрада ісці далей па шляху выканання рэкамендацый МАП. Але Адміністрацыйная рада МАП у лістападзе будзе разглядаць «беларускае пытанне» без уліку вынікаў гэтага семінара», -- заявіў у інтэрв'ю www.camarade.biz старшыня Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.
Па словах прафсаюзнага лідэра, разгляд беларускага пытання звязаны з агульнапалітычным кантэкстам і будзе адбывацца ў рамках апошніх рашэнняў Еўразвяза ў адносінах Беларусі. «Але варта адзначыць, што пытанне аб гандлёвых прэферэнцыях для Беларусі стаіць асоба. Еўрапейскі Звяз (і аб гэтым нядаўна казала амбасадар Францыі ў Менску Мірэй Мюсо) не мае намеру прымаць ніякіх рашэнняў з нагоды гандлёвых прэферэнцый да таго моманту, пакуль МАП не дасць ясны сігнал аб тым, што Менск гатовы ісці далей па шляху выканання яго рэкамендацый», -- адзначыў лідэр БКДП.