BE RU EN

Мікалаю Аўтуховічу не дазволілі працаваць кіроўцам таксоўкі

  • 22.10.2008, 11:08

Палітвязьню Мікалаю Аўтуховічу, якому зьняволеньне замянілі на абмежаваньне свабоды па месцы жыхарства, не дазволілі працаваць кіроўцам таксоўкі.

Мікалай Аўтуховіч працуе кіроўцам у сябе дома ў Ваўкавыску. Ён знаходзіцца пад наглядам міліцыі, а тэрмін прысуду скончыцца толькі ўлетку наступнага году. Раней у яго было больш за дваццаць таксовак, але калі Аўтуховіч не захацеў ствараць таксафірму, суд палічыў гэта парушэньнем — ухіленьнем ад сплаты падаткаў.

Мікалая Аўтуховіча рэгулярна правяраюць міліцыянты, а працуе ён у фірме “Ніка-таксі 22222”. У ёй трынаццаць машын. Таксоўкі, якія належалі самому Аўтуховічу, сканфіскавалі, але частку машын пакінулі ягонай жонцы Алене.

“Я лічуся проста кіроўцам. Кіроўцам таксоўкі мне не дазволілі працаваць, бо ў мяне рэжым, я пасьля дзевятнаццатай гадзіны павінен быць дома. Мне не дазваляюць выяжджаць за тэрыторыю Ваўкавыска ні па працы, ніяк. У выходныя дні мне ўвогуле не дазваляюць выходзіць з дому: у суботу і ў нядзелю, і ў сьвяточныя дні”, - сказаў Мікола Аўтуховіч у інтэрв’ю “Радыё Свабода”.

У мінулым траўні Мікалай Аўтуховіч разьлічваў на зьмену пакараньня — на гэтак званае “ўмоўна-датэрміновае вызваленьне”. Але на яго склалі пратакол нібыта за дробнае хуліганства. І хаця суд палічыў выпадак нязначным, дакумэнты на датэрміновае вызваленьне Аўтуховіча складзенымі не былі.

Пакуль Аўтуховіч быў у турме, а яго машыны — пад арыштам, у Ваўкавыску зьявіліся новыя таксоўкі, іх стала больш. Аўтуховіч падбаў пра ўзровень сэрвісу, цяпер яго ўсе прытрымліваюцца, кажуць у горадзе.

“За той час, як ён змагаўся, падняліся новыя фірмы. Трэба аддаць яму належнае, што ён нейк ускалыхнуў усё. Без Аўтуховіча не было б гэтых іншых фірмаў. У яго была пастаўлена справа, усё арганізавана, дыспэтчарская служба добра працавала”, - пацьвярджае адзін з жыхароў Ваўкавыску.

Дачка Міколы Аўтуховіча Кацярына скончыла сёлета школу, агульны бал атэстату — амаль дзясятка. Аднак трапіць у рамках праграмы Каліноўскага на навуку ў Польшчу яна не змагла.

“Пракінулі яе па праграме Каліноўскага. Прайшла тэсты, зьезьдзіла ў консульства, гутарку прайшла. А потым сказалі: вам няма васямнаццаці гадоў”, - тлумачыць Мікола Аўтуховіч.

Паступаць вучыцца ў беларускія вну было ўжо запозна, і сёньня Кацярына дома.

“Цяпер я хачу адправіць яе ў Польшчу на падрыхтоўчы курс, на “нулёўку”. Зраблю ўсё магчымае, візу зрабілі, цягам месяца ўсё вырашыцца. Але цяжка, куды ні стукаесься, паўсюль зачынена”, - зазначае бацька дзяўчыны.

Мікалая Аўтуховіча пасадзілі ў 2006 годзе на тры з паловай гады, абвінаваціўшы ў нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры і ў ажыцьцяўленьні прадпрымальніцкай дзейнасьці без рэгістрацыі, без атрыманьня ліцэнзіі. За кратамі прадпрымальнік прабыў крыху больш за два гады. Падчас сьледзтва, а затым і суду ён праводзіў галадоўкі пратэсту. Спачатку, пакуль ішло сьледзтва, ён дамогся, каб яго перавялі зь сьледчага ізалятара пад хатні арышт у Ваўкавыск. Але напярэдадні суду ён уцёк і быў затрыманым праз два месяцы ў Менску, дзе хаваўся.

Апошнія навіны