BE RU EN

Незалежныя газеты ізноў «за бортам» падпісной кампаніі

  • 22.10.2008, 12:46

Падпісная кампанія на перыядычныя выданні на 2009 год распачалася ў Беларусі тыдзень таму – 15 кастрычніка. Між тым, шэраг недзяржаўных грамадска-палітычных газет у чарговы раз не патрапілі ў падпісны каталог «Белпошты».

Нягледзячы на пісьмовыя звароты рэдакцый аб уключэнні іх у каталог да дзяржаўнага паштовага прадпрыемства, сёлета «за бортам» падпісной кампаніі ізноў аказаліся нацыянальныя газеты: «Народная воля», «Наша Ніва», «Новы час», «СНплюс. Свободные новости плюс», «Товарищ», а таксама рэгіянальныя выданні: «Борисовские новости», «Витебский курьер-М», «Вольнае Глыбокае», «Газета Слонімская», «Ганцавіцкі час» і «Intex-press» (Баранавічы), паведамляе прэс-служба БАЖ.

Беларускамоўнай «Нашай Ніве» адмовілі ў распаўсюдзе праз падпіску, спаслаўшыся – традыцыйна — на «эканамічную немэтазгоднасць».

«Газеце Слонімскай» (Гродзенская вобл.) у верасні супрацоўнікі «Белпошты» самі патэлефанавалі і прапанавалі напісаць заяўку на ўключэнне выдання ў каталог, пасля чаго па невядомых прычынах не ўключылі. «Пытанне аб вяртанні ў каталог “Газеты Слонімскай” вырашаем не мы, а кіраўніцтва прадпрыемства ў сталіцы», — патлумачыў у гутарцы з прэс-службай БАЖ супрацоўнік Слонімскага паштовага аддзялення Міхаіл Мандрыкевіч.

А газетам «Intex-press» і «Ганцавіцкі час» Брэсцкі філіял «Белпошты» адпісаў, што «мэтазгоднасць» заключэння дамовы на распаўсюд выданняў пакуль разглядаецца.

Іншыя газеты не атрымалі наогул ніякага адказу, як напрыклад “Вольнае Глыбокае” (Віцебская вобл.), рэдактар якой даслаў заяўку на ўключэнне ў падпісны каталог у раённае аддзяленне паштовай сувязі яшчэ напрыканцы верасня.

Тым часам з-за немагчымасці нармальна распаўсюджвацца ў 2008 годзе яшчэ дзве незалежныя рэгіянальныя газеты «Ляхавіцкі час» і «Мясцовы час» (Пінск) былі вымушаныя прыпыніць выхад.

Апошнія навіны