BE RU EN

Незалежную газету выклікаюць у суд па позве «вертыкалі»

  • 23.10.2008, 17:33

Рэдакцыя незалежнай газеты «Барысаўскія навіны» атрымала позву ў суд ад рэдактара мясцовай газеты «Единство», заснавальнікам якой з'яўляецца Барысаўскі раённы выканаўчы камітэт.

Рэдактар «Единство» Вера Пратасевіч палічыла, што ў артыкуле «Перадвыбачае фабрыкаванне ці чарговая хлусня», апублікаванай у «Барысаўскіх навінах», былі закранутыя яе гонар і годнасць, паведамляе прэс-служба БАЖ.

У пазоўнай заяве Вера Пратасевіч патрабуе спагнаць з аўтара матэрыялу Ігара Ледніка 10 млн. рублёў, а з унітарнага прадпрыемства «Букас-медыя» – 20 млн. рублёў.

Першая сустрэча ў судзе прызначаная на 3 лістапада ў 11.00. Як растлумачыў Беларускай асацыяцыі журналістаў заснавальнік і рэдактар газеты «Барысаўскія навіны» Анатоль Букас, артыкул «Перадвыбарчае фабрыкаванне ці чарговая хлусня» з'явіўся ў адказ на публікацыю ў «Адзінстве» матэрыялу «Сцэнар з грашовымі ін'екцыямі, ці на што расходуюцца гранты».

Матэрыял з такой красамоўнаў назвай быў падпісаны самой Верай Пратасевіч. У артыкуле, у прыватнасці, казалася: «За якія заслугі і якія паслугі гэтыя сродкі (гранты – заўв. прэс-службы БАЖ) даюцца “свабодным” СМІ, думаю, зразумела кожнаму, але задаю сабе пытанне, наколькі маральна гэтым СМІ казаць аб уласнай «незалежнасці» і поўнай самаакупнасці?»

У артыкуле імя Анатоля Букаса не згадваецца, але становіцца зразумела, што маецца на ўвазе менавіта ён — «рэдактар адной мясцовай незалежнай газеты».

«У 2004 годзе напярэдадні выбараў «Единство» на адным з разваротаў размясціла праграму кандыдата ў дэпутаты Анатоля Букаса і артыкул «Обліка марале». У ім распавядалася аб рэдактары А. Букасе, які нібыта набівае кішэні грашыма. Тады ў суд я не стаў падаваць», — паведаміў Анатоль Букас.

Дарэчы, асоба самога А. Букаса і выданне «Барысаўскія навіны» увагай журналістаў мясцовай раёнкі не абдзеленыя. Толькі ў бягучым годзе «Единство» друкавала артыкулы «Ад чаго не залежыць незалежная прэса», «Ліст-зварот да кіраўніцтва газеты», «Дзе на самой справе караніцца д'ябал, ці Ізноў двойка». Усе яны датычыліся незалежнага выдання, якое існуе на мясцовым медыярынку ўжо 16 гадоў.

Апошнія навіны