BE RU EN

Томаш Пояр: У Беларусі і Чэхіі розныя погляды на сітуацыю з дэмакратыяй

  • 24.10.2008, 19:00

З працоўным візітам Беларусь наведаў першы намеснік міністра замежных спраў Чэхіі Томаш Пояр. Ён сустрэўся з беларускай апазіцыяй, а таксама меў сустрэчу ў Міністэрстве замежных спраў.

У інтэрв’ю “Еўрарадыё” спадар Пояр распавёў, што размова з беларускімі чыноўнікамі тычылася адносінаў нашай краіны з Еўрасаюзам і Чэхіяй у прыватнасці.

“Перш за ўсё, у Еўрапейскім саюзе ёсць пэўныя рашэнні і ўнутраныя дэбаты наконт адносінаў Еўрасаюза і Беларусі. Вы ведаеце, Чэхія будзе старшынстваваць у Еўрасаюзе ў першай палове 2009 года. Таму тут мы абмяркоўвалі старшынства Чэхіі па тэмах Еўрасаюзу і Беларусі, як гэтыя адносіны могуць умацоўвацца і як мы можам прасоўвацца ў гэтым кірунку”, - сказаў Томаш Пояр.

“Другая частка маіх сустрэч тычылася двухбаковых адносінаў на культурным, эканамічным, дыпламатычным фронце. Мы абменьваліся нашымі поглядамі і гутарылі, як паляпшаць гэтыя адносіны для ўзаемнай выгады грамадзянаў Чэхіі і Беларусі”, - паведаміў намміністра МЗС Чэхіі.

Томаш Пояр таксама заявіў, што двухбаковыя візіты беларускіх і чэшскіх чыноўнікаў працягнуцца ў наступным месяцы, таму што Чэхія зацікаўленая ў дэмакратычнай Беларусі.

“Напэўна, у наступным месяцы будзе яшчэ некалькі візітаў з боку Чэхіі ў Беларусь і з Беларусі ў Чэхію. Пакуль няма канкрэтнага пагаднення, што дакладна будзе зроблена. Але патэнцыял ёсць. І безумоўна, я ўпэўнены, калі вы паглядзіце праз год, што было зроблена за гэтыя 12 месяцаў, вы пабачыце вынікі. Гэта ў нашай зацікаўленасці – бачыць Беларусь стабільнай, свабоднай, дэмакратычнай і суверэннай”, - заявіў Томаш Пояр.

Паводле слоў спадара Пояра, у беларускага і чэшскага бакоў розныя погляды на сітуацыю з дэмакратыяй у Беларусі. Аднак ён выказаў меркаванне, што ў хуткай будучыні мы зможам пабачыць прагрэс.

Апошнія навіны