Улады прапаноўваюць ЕГУ вярнуцца назад ў Беларусь
- 27.10.2008, 8:25
Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту, змушанаму пасля закрыцця беларускімі ўладамі пераехаць у Літву, прапанавалі вярнуцца ў Беларусь.
Аб гэтым прэс-цэнтру Хартыі’97 паведаміў вядомы беларускі драматург, кіраўнік «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін. Па ягоных словах, аб гэтай інфармацыі ён даведаўся ад супрацоўнікаў ЕГУ.
«Мне стала вядома аб гэтым ад супрацоўнікаў універсітэта і, як я разумею, гэта адзін з крокаў адміністрацыі Лукашэнкі па прыцягненні знешніх інвестыцый і крэдытаў МВФ. Паколькі ўніверсітэт у выгнанні псаваў рэпутацыю ўладаў, то, думаю, гэта адзін з пунктаў плана лорда Бэла. Гэта пластычная аперацыя па паляпшэнні знешнасці аўтарытарнага рэжыма. ЕГУ становіцца разменнай манетай. Можна выказаць здагадку, што рэктар Міхайлаў з радасцю прыме гэтую прапанову. А праз некаторы час за гэта паплоціцца», -- сказаў прэс-цэнтру Хартыі’97 Мікалай Халезін.
Па меркаванні драматурга, вяртанне ЕГУ у Беларусь не з'яўляецца прыкметай лібералізацыі беларускага рэжыма.
«На самой справе павінная быць вызваленая ад палітычнага ціску ўся сістэма адукацыі. Толькі тады можна казаць аб тым, што змяняецца сутнасць ўлады. Сінхронна павінныя выконвацца іншыя пункты па лібералізацыі: свабода слова, свабода выбараў і свабода сходаў. Пакуль гэтага не адбудзецца, казаць аб трансфармацыі рэжыма дачасна», -- упэўнены Мікалай Халезін.
Нагадаем, што ў рэзалюцыі аб сітуацыі ў Беларусі пасля «парламенцкіх выбараў», якую Еўрапейскі Парламент прыняў 9 кастрычніка, пунктам 14 значыцца пытанне аб закрытым па палітычных матывах у Менску Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, які цяпер працуе ў Літве.
Сёлета Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт адзначыў сваё 15-годдзе. Пасля закрыцця ЕГУ ў Менску ў 2004 годзе ўніверсітэт аднавіў сваю дзейнасць у Вільнюсе ў якасці афіцыйна зарэгістраванага літоўскага ўніверсітэта, дыпломы якога прызнаюцца ў Еўрапейскім звязе. Штогод у ЕГУ навучаюцца больш за 1500 чалавек, каля паловы з іх атрымлівае адукацыю праз інтэрнэт, у рамках завочных і дыстанцыйных праграм.
У прынятай рэзалюцыі адзначаецца, што сябры Еўрапарламента вітаюць «фінансавую падтрымку, якая прадстаўляецца Еўрапейскай камісіяй Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту ў выгнанні», і прапаноўваюць еўрапейскім структурам «заклікаць урад Беларусі, у якасці знака добрай волі і пазітыўных змен у краіне, даць магчымасць ЕГУ на законных падставах вярнуцца ў Беларусь з выгнання ў Вільнюсе і аднавіць сваю працу ва ўмовах, што дазваляюць яго наступнае развіццё ў Менску».