Супраць Лукашэнкі адмянілі санкцыі, і ў Беларусі адразу з’явіліся палітвязні
- 28.10.2008, 10:53
Праваабарончы цэнтр “Вясна” выступіў з заявай у сувязі з арыштам актывіста грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, удзельніка “Працэса 14-ці” Аляксандра Баразенкі.
Асаблівую занепакоенасьць выклікае той факт, што арышт адбываецца на фоне адмены санкцыяў у дачыненьні да высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.
27 кастрычніка ў Менску быў узяты пад варту і змешчаны ў СІЗА грамадзкі актывіст Аляксандр Баразенка. Актывіст з’яўляецца адным з абвінавачаных па “справе 14-ці”— крымінальнай справе, ўзбуджанай па арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь у дачыненьні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая адбылася ў Менску 10 студзеня 2008 года.
“Асаблівую занепакоенасьць выклікае той факт, што арышт Аляксандра Баразенкі адбываецца на фоне пэўных саступак Еўразьвязу афіцыйным беларускім уладам: адмены санкцыяў у дачыненьні да высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, аднаўленьня афіцыйных кантактаў краінаў Еўразьвязу з афіцыйным Менскам.
Варта нагадаць, што адной з асноўнай ўмовай для такога дыялогу было і ёсьць адсутнасьць палітычных зьняволеных у краіне і палітычна-матываванага перасьледу апанентаў рэжыму”, -- заяўляюць беларускія праваабаронцы.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” нагадвае, што свабода мірных сходаў і свабода выражэньня свайго меркаваньня з’яўляецца правам, гарантаваным Канстытуцый Рэспублікі Беларусь, а таксама міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” выказвае рашучы пратэст у сувязі з арыштам Аляксандра Баразенкі, лічыць яго пераслед палітычна-матываваным і патрабуе ад уладаў ягонага неадкладнага вызваленьня.