Застрэліўся сьледчы, які вёў справу пра «жывы шчыт»
- 28.10.2008, 15:26
Сьледчы Менскай абласной пракуратуры Васіль Папін застрэліўся ў сваім службовым кабінэце з табэльнага пісталета.
Пра гэта “Радыё Свабода” паведамілі фігуранты справы пра“жывы шчыт”, якую расьсьледаваў Васіль Папін.
У Менскай абласной пракуратуры, дзе працаваў сьледчы Папін, пацьвердзілі гэтыя зьвесткі і паведамілі, што гэта адбылося прыкладна два месяцы таму. Прычынаў учынку свайго калегі ў пракуратуры не камэнтуюць.
Нагадаем, справа пра “жывы шчыт” была заведзеная ў сакавіку пасьля аварыі на шашы Слуцак — Менск. У заслону з прыватных аўтамабіляў, выстаўленую супрацоўнікамі ДАІ, на вялікай хуткасьці ўрэзаўся “Фольксваген”, якім кіраваў нецьвярозы Раман Мянцюк. Супрацоўнікі ДАІ Аляксей Ліхтаровіч і Генадзь Дарагакупец улетку былі прызнаныя вінаватымі ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў і асуджаныя ўмоўна. Рамана Менцюка 28 кастрычніка судзяць у Менскім раённым судзе. Яму пагражае да пяці гадоў зьняволеньня.