За акцыю каля СІЗА арыштаваныя актывісты «Еўрапейскай Беларусі» (Абноўлена)
- 28.10.2008, 19:41
Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» праводзілі акцыю салідарнасці з палітвязнем Аляксандрам Баразенкам і стаялі ля сцен следчага ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Менску з запаленымі свечкамі.
Затрымлівалі іх супрацоўнікі ізалятара. Яны жа выклікалі нарад міліцыі. Актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага, Паліну Дзьякову, Міхаіла Кандрашова і актывіста «Маладой Беларусі» Уладзіміра Сяргеева з СІЗА адвезлі ў Маскоўскае РУУС Менска. У аддзяленні міліцыі маладых людзей пратрымалі на працягу гадзіны і вызвалілі толькі пасля ўзяцця з іх тлумачэнняў.
«Мы запалілі свечкі, каб выказаць салідарнасць з затрыманым Аляксандрам Баразенкам», -- паведамілі прэс-цэнтру Хартыі’97 маладыя людзі.
27 кастрычніка ў Менску быў узяты пад варту і змешчаны ў СІЗА актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандр Баразенка. Актывіст з'яўляецца адным з абвінавачваных па «справе 14-ці» - крымінальнай справе, узбуджанай па арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь у адносінах ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.