ЦВК ігнаруе скаргі на фальсіфікацыі вынікаў «выбараў»
- 3.10.2008, 9:56
Сакратар ЦВК Беларусі Мікалай Лазавік заявіў, што на вынікі «парламенцкіх выбараў» ніяк не паўплываюць скаргі назіральнікаў і экс-кандыдатаў у «дэпутаты».
«Нейкіх істотных фактаў, якія паказваюць на тое, што «выбары» прайшлі з парушэннямі заканадаўства і якія маглі бы паўплываць на вынікі галасавання, у скаргах, якія паступілі, няма», - падкрэсліў ён.
«Скардзяцца на тое, што ў складзе выбарчых камісіяў было недастаткова прадстаўнікоў палітычных партыяў, што нібыта з'яўляецца падставай для фальсіфікацыяў», - перадае «Интерфакс» словы Мікалая Лазавіка.
Акрамя таго, адзначыў Мікалай Лазавік, некаторыя назіральнікі скардзяцца на тое, што яны не атрымалі поўнага доступу да назірання за падлікам галасоў.
У Беларусі 28 верасня прайшлі «парламенцкія выбары». У іх удзельнічалі 264 кандыдаты па 110 выбарчых акругах. У ліку кандыдатаў было каля 100 прадстаўнікоў апазіцыі, але ніхто з іх не патрапіў у «палату прадстаўнікоў».
Місія назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ не прызнала «парламенцкія выбары» у Беларусі свабоднымі і дэмакратычнымі. Назіральнікамі АБСЕ адзначаны «дрэнны і нездавальняючы» працэс падліку галасоў у 50% выпадкаў. 40% назіральнікаў сказалі, што ў іх не было магчымасці ў поўнай меры ацаніць працэс падліку галасоў. Назіральнікамі АБСЕ зафіксаваныя выпадкі фальсіфікацыяў. «Выбары» не адпавядалі стандартам АБСЕ.
Колькасць скаргаў апазіцыі на парушэнні заканадаўства, падчас выбарчай кампаніі павялічылася да 135. Былыя кандыдаты ў дэпутаты «палаты прадстаўнікоў», іх давераныя асобы і назіральнікі паведамляюць у пракуратуру і ў Цэнтравыбаркам факты фальсіфікавання вынікаў галасавання.