BE RU EN

Лукашэнка: Наступная сустрэча з Мядзведзевым будзе асаблівай

  • 30.10.2008, 13:07

На нарадзе па пытаннях унутранай і знешняй палітыкі Аляксандр Лукашэнка распавёў аб тым, якім будзе наступнае паседжанне Вышэйшага дзяржсавета «саюзнай дзяржавы».

Паседжанне ВДС павінна адбыцца ў канцы лістапада з удзелам прэзідэнта Расеі Дзмітрыя Мядзведзева. Лукашэнка лічыць, на паседжанні Вышэйшага Дзяржсавета «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі, якое мае адбыцца ў канцы лістапада, павінны быць разгледжаныя найважнейшыя і прынцыповыя пытанні двухбаковых адносінаў.

«Нам прыйдзецца ў канцы лістапада правесці Вышэйшы Дзяржсавет, гэта будзе асаблівы Дзяржсавет. Як старшыня Вышэйшага Дзяржсавета я буду рабіць усё, каб унесці ў парадак дня важныя, істотныя пытанні, якія датычаць самага галоўнага ў нашых адносінах. Інакш яго і праводзіць не варта», - заявіў А.Лукашэнка, адкрываючы нараду па пытаннях унутранай і знешняй палітыкі дзяржавы.

Беларускі кіраўнік дадаў, што «трэба разгледзець прынцыповыя пытанні, якія па сутнасці ўплываюць на адносіны паміж нашымі дзяржавамі. А такіх пытанняў нямала», - канстатаваў А.Лукашэнка.

Паводле яго словаў, «надалей нашы адносіны, асабліва з Расейскай Федэрацыяй, якія засноўваюцца на нашых кантактах у рамках СНД, ЕўраАзЭС, Саюзнай дзяржавы, адносінах паміж нашымі міністэрствамі, павінны быць больш прадуманымі і зарганізаванымі». Ён адзначыў, што мае намер паінфармаваць удзельнікаў нарады аб сустрэчы з прэзідэнтам РФ Дзмітрыем Мядзведзевым, якая адбылася 25 кастрычніка ў Маскве.

«Таму першая тэма нарады - вынікі сустрэчы з пункту гледжання аб тым, пра што дамовіліся. Трэба, каб мы ў гэтым ключы маглі далей дзейнічаць у адносінах з Расейскай Федэрацыяй», - сказаў А.Лукашэнка.

Як ужо паведамляў прэс-цэнтр Хартыі'97, пасля сустрэчы Мядзведзева і Лукашэнкі 25 кастрычніка эксперты канстатавалі, што ў сувязі з тым, што паседжанне ВДС перанеслася на больш аддалены тэрмін (яно павінна было адбыцца 3 лістапада), верагодна, прасунуцца па прынцыповых пытаннях «саюзнага будаўніцтва» у двух кіраўнікоў так і не атрымалася. Нагадаем, што такімі з'яўляюцца пытанні адзінай валюты і канстытуцыйнага акту, які павінен прапісаць архітэктуру будучага аб'яднанні. Як паведамлялася раней, «саюзнае будаўніцтва» затармазіла на праблеме раўнапраўя саюзных суб'ектаў: Менск гатовы да інтэграцыі, але толькі на роўных, Масква ж нагадвае аб розных маштабах нацыянальных эканомікаў.

Напярэдадні эксперты, сыходзячы з некаторых выказванняў прадстаўнікоў расейскіх чыноўнікаў аб прасоўванні ў пытаннях адзінай валюты, меркавалі, што ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу Беларусь стала згаворлівей і для выратавання нацыянальнай эканомікі гатовая адступіцца ад некаторых элементаў самастойнасці.

25 кастрычніка на сустрэчы з Мядзведзевым Лукашэнка нагадаў аб залежнасці Беларусі ад расейскай эканомікі і адпаведна жаданні ведаць, якія дзеянні саюзніца мае намер прадпрымаць ва ўмовах крызісу. «Абмяркуем таксама шэраг бягучых праблемаў, якія ўзнікаюць і ў эканоміцы, і ў фінансах Расеі і Беларусі. Для нас вельмі істотнае вашае бачанне, таму што мы вельмі прывязаныя да Расеі з пункту гледжання эканомікі і фінансавай сістэмы. Вы ведаеце, што амаль палова золатавалютных рэзерваў Беларусі – у расейскіх рублях», – прызнаўся Лукашэнка.

Відавочна, што больш за ўсё Лукашэнку хвалявала пытанне, па якім кошце будзе прадавацца расейскі газ. У сітуацыі, якая склалася, яго рост да 200 і больш даляраў за 1 тыс. куб. м. з цяперашніх 129 для Беларусі не тое што крытычны, але катастрафічны, падкрэсліваюць эксперты. Тым не менш, аб кошце на газ на сустрэчы, якая прайшла, кіраўнікі дзяржаваў не дамовіліся.

Апошнія навіны