Беларуская міліцыя не дала лорду Бэлу «палепшыць імідж» дыктатара
- 30.10.2008, 23:06
Удзельнікі палітычнага перформанса былі затрыманыя ў Менску супрацоўнікамі міліцыі. Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» выказвалі пратэст дзеянням ангельскага піяршчыка лорда Цімаці Бэла, які заключыў з беларускімі ўладамі кантракт аб паляпшэнні іміджу «апошняй дыктатуры Еўропы».
Увечары 30 кастрычніка актывісты «Еўрапейскай Беларусі» праводзілі каля ўнівермага «Беларусь» на перакрыжаванні вуліц Жылуновіча і Партызанскага праспекта перформанс. Адзін з актывістаў з прылепленымі вусамі адлюстроўваў усім вядомага персанажа -- ён быў апрануты ў чырвона-зялёную, колераў афіцыйнага сцяга, хакейную майку і такую ж чырвона-зялёную кепку. На майцы с абодвух бакоў было напісанае слова «Дыктатура».
Яшчэ адзін удзельнік перформанса – у белым цыліндры – адлюстроўваў лорда Цімаці Бэла. Белай акрылавай фарбай ён замазваў на майцы персанажа з вусамі слова «Дыктатура».
Актывісты былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі ў самім пачатку перформанса. Сярод затрыманых -- Максім Сергіец, Ягор Віняцкі, Наталля Сманцэр, Валерыя Краўчанка, Аліна Радачынская, Сяргей Казакоў, Ягор Лантух.
Маладых апазіцыянераў адвезлі ва УУС Завадскога раёна Менска, дзе пратрымалі тры гадзіны. Пратаколаў у адносінах актывістаў не складалі. Аднак, як паведамілі прэс-цэнтру Хартыі’97 пасля вызвалення актывісты «Еўрапейскай Беларусі», у аддзяленні адзін з супрацоўнікаў міліцыі ўдарыў Максіма Сергійца кулаком у грудзі.
Нагадаем, што ў цяперашні час у Менску знаходзяцца журналісты заходніх СМІ, якія прыехалі ў Беларусь па запрашэнні брытанскага піяршчыка. У складзе прэс-групы – аналітык па Расеі ў лонданскім офісе фінансава-аналітычнай кампаніі «Global Insight», карэспандэнт брытанскага выдання «Financial Times», прадстаўнік агенцтва фінансавых навін «Bloomberg», карэспандэнт нямецкай эканамічнай газеты «WirtschaftsWoche», журналісты агенцтваў «Associated Press» і «Reuters». Курыруюць групу з брытанскага боку супрацоўнік Bell Pottinger Group Ніка дэ Клерк (Nico de Klerk), а з беларускай – прадстаўнік Нацыянальнага прэс-цэнтра Аляксандр Цярэшчанка і супрацоўнік беларускага МЗС Аляксей Швед.