BE RU EN

Лукашэнка: «Я сяброўствам з рускімі не гандлюю»

  • 6.10.2008, 15:25

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прэм'ер-міністрам Расеі Ўладзімірам Пуціным і зрабіў некалькі заяваў для прэсы.

"Неабходны дадатковы імпульс у нашых саюзных адносінах", - заявіў Лукашэнка. Па ягоных словах, "можна канстатаваць, што саюзны працэс ідзе ціха, сумна, няброска". "Але ёсць нейкае недаразуменне з боку беларускага і расейскага народаў. Яны чакаюць чагосьці вызначанага", - сказаў ён.

У гэтай сувязі, нагадаўшы аб сустрэчы з прэзідэнтам РФ Дзмітрыем ,Мядведзевым летам гэтага года ў Берасці, Лукашэнка сказаў, што расейскім прэзідэнтам быў "прапанаваны добры варыянт: узяць некалькі сур'ёзных праграм - дасягальных і зразумелых. І сказаць, што мы гэта зможам зрабіць".

Лукашэнка адзначыў, што да канца цяперашняга года варта выпрацаваць такую праграму, а таксама правесці рэвізію дасягнутых раней дамоўленасцяў. Беларускі кіраўнік лічыць, што пасля гэтага можна гэтыя напрацоўкі вынесці на паседжанне Вышэйшага дзяржаўнага савета, якое можа адбыцца да канца цяперашняга года.

Акрамя таго, у прысутнасці СМІ Лукашэнка заявіў: "Кажуць, што Беларусь пачынае гандлявацца: Расея - Захад". "Я ужо казаў заходнікам, што мы ні з кім ніколі не гандлюемся. Мы ніколі сяброўствам з рускімі не гандлюем", - падкрэсліў ён.

"Чаго чакаюць нашыя грамадзяне? Упэўненай і паслядоўнай, граматнай эканамічнай палітыкі", - заявіў у сваю чаргу старшыня ўрада РФ Уладзімір Пуцін.

Па ягоных словах, "Расея гатовая разгледзець прапановы па паглыбленні супрацоўніцтва, падтрымкі беларускай фінансавай сістэмы. "Лічу правільным сканцэнтраваць фінансавыя, адміністрацыйныя рэсурсы на перспектыўных напрамках", - адзначыў кіраўнік урада РФ, заявіўшы, у прыватнасці, аб неабходнасці сумеснай рэалізацыі праграм у сферы высокіх тэхналогій.

Пуцін выказаў упэўненасць, што на ўзроўні выканаўчай і заканадаўчай улад дзвюх дзяржаваў ёсць поўнае разуменне развіцця саюзных адносінаў.

Расейскі прэм'ер павіншаваў Лукашэнку з праведзенымі «парламенцкімі выбарамі». "Па нашых адзнаках яны прайшлі на высокім арганізацыйным і палітычным узроўні", - сказаў Пуцін.

Апошнія навіны