BE RU EN

Скаргу на прысуд Зэльцэру разгледзяць 31 кастрычніка

  • 9.10.2008, 8:33

Вярхоўны суд Беларусі разгледзіць касацыйную скаргу на прысуд грамадзяніну ЗША Эмануілу Зэльцэру 31 кастрычніка.

"Разгляд касацыйнай скаргі Э.Зэльцэра адбудзецца 31 кастрычніка ў закрытым рэжыме", - паведамілі ў судзе.

Нагадаем, раней Вярхоўны суд збіраўся разгледзець касацыйную скаргу па справе Зэльцэра 26 верасня, але потым адмяніў рашэнне.

12 сакавіка 2008 года Эмануіл Зэльцэр і ягоная сакратар Уладлена Функ былі затрыманыя ў Менску і змешчаныя ў СІЗА КДБ.

11 жніўня 2008 года Эмануіл Зэльцэр Менскім гарадскім судом быў прысуджаны да 3 год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за камерцыйны шпіянаж і выкарыстанне падробленых дакументаў. Разам з ім да 1 года пазбаўлення волі была прысуджаная і ягоная сакратар грамадзянка Расеі Ўладлена Функ за збор камерцыйнай інфармацыі і выкарыстанне падробленых дакументаў.

Зельцер з'яўляецца адвакатам грамадзяніна ЗША Джозэфа Кея, які з'яўляецца далёкім сваяком грузінскага бізнэсмэна Бадры Патаркацышвілі. Амерыканскія ўлады дамагаюцца вызвалення асуджанага на гуманітарных падставах, паколькі ягонае здароўе моцна пагоршылася ў зняволенні без прапісаных ягоным урачом лекаў.

Консул Злучаных Штатаў Амерыкі Кэралайн Сэвэдж сустракалася з арыштаваным. Па ейных словах, Зэльцэр паведаміў, што «на другі і трэці дзень затрымання яго збівалі». Адвакат вельмі схуднеў, саслабеў, яму цяжка хадзіць, размаўляць. Цяпер Эмануіл Зэльцэр утрымліваецца ў ізалятары КДБ, які ў народзе завуць «амерыканкай».

Апошнія навіны