Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю аб сітуацыі ў Беларусі
- 9.10.2008, 12:55
У ёй прапаноўваецца прыпыніць візавыя санкцыі супраць некаторых беларускіх чыноўнікаў на паўгода, хаця прайшоўшыя “парламенцкія выбары” прызнаныя несвабоднымі і недэмакратычнымі.
«За» рэзалюцыю прагаласавала 597 дэпутатаў, «супраць» — 31.
У рэзалюцыі выказанае шкадаванне з нагоды таго, што выбарчая кампанія ў Беларусі, нягледзячы на вялікія надзеі і невялікія паляпшэнні, не была дэмакратычнай. Абраны “парламент” мае "сумніўную дэмакратычную легітымнасць", лічаць еўрадэпутаты.
У рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да беларускага ўрада ўнесці змены ў выбарчае заканадаўства, пацвердзіўшы тым самым сваю гатоўнасць палепшыць выбарчы працэс. Акрамя таго, Еўрапарламент заклікае афіцыйны Менск паважаць правы чалавека і адмяніць смяротнае пакаранне.
Пры гэтым выказаная падтрымка рашэнню беларускіх уладаў не спяшацца з прызнаннем Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.
Аўтары рэзалюцыі заклікаюць еўраструктуры працягнуць дыялог з Менскам, распрацаваўшы "дарожную карту" для пакрокавага ўзаемадзеяння, а таксама перагледзець абмежавальныя меры. У прыватнасці, прапаноўваецца на шэсць месяцаў прыпыніць дзеянне санкцыяў у дачыненні да чыноўнікаў, не датычных да парушэння дэмакратычных стандартаў выбараў, з тым каб даць уладам магчымасць адмяніць новы закон аб СМІ, які пакуль не ўступіў у сілу.
Акрамя таго, у дакуменце прапаноўваецца палегчыць працэдуры атрымання шэнгенскіх візаў для беларусаў і знізіць іх кошт, а таксама пашырыць падтрымку грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ, Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.
Як удакладніла «Радыя Свабода», Еўрапарламент таксама заклікаў беларускія ўлады правесці сапраўды дэмакратычныя выбары ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і для гэтага, у тым ліку, даць чальцам усіх партыяў магчымасць увайсці ў выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў, а таксама адмяніць працэдуру датэрміновага галасавання, ці хаця б забяспечыць асобны падлік і запіс у выбарчыя пратаколы галасоў з датэрміновага галасавання.
У рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да беларускіх уладаў паважаць правы чалавека і дзеля гэтага адмяніць шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія выкарыстоўваюцца для рэпрэсіяў, устрымацца ад пераследу апазіцыі, а таксама адмяніць перашкоды для рэгістрацыі няўрадавых арганізацыяў.