Інтэрнэт-правайдэры маюць намер звярнуцца ў Саўмін
- 9.10.2008, 15:41
Інтэрнэт-правайдэры маюць намер звярнуцца ў Саўмін з мэтай урэгулявання пытання аб будаўніцтве кабельных хатніх сетак у Менску.
Аб гэтым паведаміў у Менску на канферэнцыі "Дзелавы інтэрнэт" старшыня ўпраўлення асацыяцыі "Белінфакам" Андрэй Нарэйка, перадае «Интерфакс».
"Інтэрнэт-правайдэрам немагчыма атрымаць ліцэнзію на будаўніцтва кабельных хатніх сетак - вета наклаў Менгарвыканкам", - сказаў А.Нарэйка.
Старшыня асацыяцыі патлумачыў, што было атрыманае экспертнае заключэнне аб тым, што дзейснае заканадаўства не забараняе будаўніцтва хатніх сетак. "Але воз і сёння там - ні адзін аператар не можа дамагчыся дазволу", падкрэсліў А.Нарэйка. Ён таксама падкрэсліў, што ў прыватнасці, за магчымасць выдачы гэтых ліцэнзіяў выказаліся міністэрства сувязі і інфарматызацыі, міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. "Наступным крокам стане зварот у Саўмін", - канстатаваў А.Нарэйка.