Акцыі ключавых прадпрыемстваў не будуць прадавацца на ільготных умовах
- 11.11.2008, 9:18
У Беларусі вызначаны пералік рэспубліканскіх унітарных прадпрыемстваў, пры пераўтварэнні якіх у адкрытыя акцыянерныя таварыствы, прыналежныя Рэспубліцы Беларусь, акцыі не будуць падлягаць продажу на ільготных умовах за грашовыя сродкі і абмену на імянныя прыватызацыйныя чэкі «Маёмасць».
Адпаведны ўказ № 605 "Аб некаторых пытаннях прыватызацыі рэспубліканскіх унітарных прадпрыемстваў" Аляксандр Лукашэнка падпісаў 10 лістапада.
У пералік увайшлі найбольш эканамічна значныя для рэспублікі прадпрыемствы Міністэрства прамысловасці, Міністэрства энергетыкі, Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта, Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі, што знаходзяцца ў рэспубліканскай уласнасці, уключаныя ў план прыватызацыі на 2008-2010 гады.
Пры гэтым меры эканамічнага стымулявання рэспубліканскіх унітарных прадпрыемстваў, уключаных у пералік, захоўваюць сваё дзеянне ў адносінах адкрытых акцыянерных таварыстваў, створаных падчас прыватызацыі гэтых прадпрыемстваў.
Як растлумачылі ў прэс-службе, рэалізацыя палажэнняў указу будзе спрыяць прыцягненню буйных інвестыцый у ствараемыя адкрытыя акцыянерныя таварыствы.
Дакумент уступае ў сілу са дня яго афіцыйнага апублікавання.