Прадпрымальнікаў пазбаўляюць ільготаў пры ўвозе тавараў з Расеі
- 12.11.2008, 15:17
З 1 студзеня 2009 года ў Беларусі будуць адмененыя прэферэнцыі, якімі індывідуальныя прадпрымальнікі карысталіся пры ўвозе тавараў з Расейскай Федэрацыі.
Аб гэтым БелТА паведаміў намеснік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур.
«Мытнае афармленне тавараў, якія ўвозяць ІП з Расеі, будзе ўведзенае з 1 студзеня, цяперашні ільготны рэжым падоўжаны не будзе. Гэта робіцца для таго, каб, у першую чаргу, забяспечыць роўныя канкурэнтныя ўмовы дзейнасці для ўсіх суб'ектаў гаспадарання. Сёння прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы праводзяць мытнае афармленне тавара, які ўвозіцца з Расеі, ў поўным аб'ёме, а ІП з супастаўным таваразваротам абыходзяцца без расмытнёўкі», - сказаў Андрэй Тур.
Намеснік міністра нагадаў, што з 1 студзеня 2009 года губляе сваё дзеянне пункт 3 указу №285 ад 18 чэрвеня 2005 года «Аб некаторых мерах па рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці». З гэтага моманту тавары, якія паходзяць з трэціх краінаў, выпушчаныя ў свабоднае абарачэнне ў Расеі, якія ўвозяцца ІП - плацельшчыкамі адзінага падатку на мытную тэрыторыю Беларусі, будуць падлягаць мытнаму афармленню і абкладанню мытнай пошлінай (зборамі).