Станіслаў Багданкевіч: «Дэвальвацыя рубля ўжо пачалася, і спыніць яе фактычна немагчыма»
- 13.11.2008, 11:41
Экс-кіраўнік Нацбанка Беларусі прафэсар Станіслаў Багданкевіч заявіў падчас анлайн-канфэрэнцыі на сайце «Радыё Свабода», што дэвальвацыя беларускага рубля пачалася й будзе ў далейшым.
«Дэвальвацыя ўжо пачалася, і спыніць яе фактычна немагчыма. Яе можна толькі прыцішыць з дапамогай зьнешніх займаў і прыватызацыі з удзелам зьнешніх інвэстараў. Чаму пачалася дэвальвацыя? У нас імпарт перавышае экспарт па таварах. За 9 месяцаў - на 4 мільярды даляраў. Г.зн., Беларусь жыве не па сродках, а закупляе больш, чым прадае. Для балянсу неабходна дэвальваваць нацыянальную валюту», - тлумачыць прафэсар.
«Але нашыя ўлады з улікам зьнешніх займаў маюць магчымасьць ажыцьцявіць паступовую дэвальвацыю. І яна як быццам ідзе, але не вырашае праблемы збалансаванасьці імпарту з экспартам. Дэвальвацыя ў Беларусі непазьбежная, альтэрнатывы няма, але яе можна расьцягнуць. 4 мільярды новых крэдытаў могуць гэтаму спрыяць», - паведаміў Станіслаў Багданкевіч.
«Дэвальвацыя была б карыснай, калі б адначасна ўрад Лукашэнкі праводзіў сыстэмныя пераўтварэньні. Стварыла праграму, абмеркавала яе шырока на старонках друку, па ТБ, па радыё. Выпрацавала б комплексную праграму падвышэньня канкурэнтаздольнасьці, зьніжэньня бюракратыі, тэхналягічнага абнаўленьня, разьвіцьця малога бізнэсу. Можна толькі адтэрмінаваць дэвальвацыю за кошт зьнешніх займаў, але магу сказаць, што МВФ за «прыгожыя вочы» грошай не дае. А паступовая дэвальвацыя – у цяперашніх умовах, калі 10-15 гадоў таму ўлада адмовілася ад рэформаў – неабходная», - дадаў ён.
Ацэньваючы пэрспэктывы ўплыву ўсясьветнага фінансавага крызісу на сытуацыю ў Беларусі, Станіслаў Багданкевіч таксама зазначыў, што дэвальвацыя нацыянальнай валюты будзе трываць і надалей.
«У далейшым дэвальвацыя рубля беларускага - будзе, бо дэфіцыт гандлёвага балансу вялікі, а пры дыфіцыце заўсёды адбываецца дэвальвацыя нацыянальнай валюты, гэта ўжо закон эканамічнай тэорыі», - сказаў экс-кіраўнік Нацбанку.
Станіслаў Багданкевіч таксама зазначыў, што ўрадавыя гарантыі 100%-га вяртаньня ўкладаў – гэта адно «піяр-дэклярацыя», нічога ня вартая.
«Як спэцыяліст, я лічу, што 100-адсоткавыя гарантыі - гэта «піяр-дэклярацыя», за ёй нічога не стаіць. Калі нашыя ўкладчыкі панічна пабягуць у беларускія банкі, усе гэтыя гарантыі будуць нічога ня вартыя. Гарантыі можа даць толькі фонд, калі скажам, кожны ўкладчык будзе мець да 5000 эўра на выпадак банкруцтва. Але ў нас ёсьць раздутыя актывы і пасівы банкаўскай сыстэмы, а нацпрадукт расьце на 8 -10 адсоткаў, а актывы банкаў растуць на 40-50 адсоткаў. Дык гэта можа лопнуць, але крызыс будзе нацыянальнага маштабу», - сказаў прафэсар.
Па ягоных словах, можна чакаць і замарозкі ўкладаў.
«Наконт замарозкі ўкладаў – гэтага можна чакаць, калі пачнецца паніка і людзі пабягуць у банкі для масавага зьняцьця ўкладаў. Урад сёньня ўсё робіць, калі займаецца піяр-кампаніяй пра «гарантаваньне ўкладаў», каб не дапусьціць панікі. Таму што паніка шкодная, яна можа дэзарганізаваць усю банкаўскую сыстэму. Але ўрад павінен быў 10-15 гадоў таму зрабіць сыстэмныя пераўтварэньні», - заўважыў Станіслаў Багданкевіч.
Экс-кіраўнік Нацбанку таксама патлумачыў, што беларускія цэны на паліва ня толькі не зьнізяццца, гэта зараз адбываецца ў суседніх краінах, але й будуць падвышацца.
«У нас жа не рынкавая эканоміка. У нас напаўадміністрацыйная эканоміка, і цэны вызначае ўрад. А ўрад лічыць мэтазгодным папаўняць бюджэт за кошт насельніцтва, за кошт кіроўцаў транспарту, і не прывязвае да усясьветнага кошту на сырую нафту і нафтапрадукты. Кошты на сырую нафту больш чым у два разы зьменшыліся, аднак у нас кошт на паліва не зьніжаецца, і больш за тое, я магу прагназаваць падвышэньне гэтых коштаў у будучым», - заявіў Станіслаў Багданкевіч.