Стартавала прымусовая падпіска на дзяржаўную прэсу (Фота дакумента)
- 14.11.2008, 10:24
У распараджэнне журналістаў патрапіла копія «Плану арганізацыйных мерапрыемстваў правядзення падпіскі на друкаваныя СМІ на 1-е паўгоддзе 2009 года».
У дакуменце прапісаныя меры па павелічэнні тыражоў рэгіянальных дзяржаўных газет, па недапушчэнні паніжэння ведамасных тыражоў рэспубліканскіх і мясцовых выданняў, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
У прыватнасці, чыноўнікам Брэсцкай вобласці загадана правесці нарады з кіраўнікамі прадпрыемстваў і ўстаноў па арганізацыі падпісной кампаніі ў працоўных калектывах. У сваю чаргу кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый усіх формаў уласнасці абавязаныя «не дапусціць паніжэння ведамасных тыражоў па асноўных рэспубліканскіх выданнях, дзяржаўных абласных і раённых газетах».
Ёсць у «плане» і пункт, які абавязвае кіраўнікоў «з мэтай пашырэння інфармацыйнага поля, захавання духоўнага і маральнага развіцця насельніцтва» забяспечыць афармленне падпіскі на друкаваныя СМІ кожным сябрам працоўнага калектыва.
Працаўнікі пошты атрымалі заданне «рапартаваць» кожны тыдзень ідэалагічным аддзелам аб ходзе падпіскі, а таксама прадастаўляць у аблвыканкам звесткі аб прадпрыемствах і арганізацыях, якія не аформілі падпіску альбо знізілі «заяўленыя тыражы».
«Гэта ўжо даўно не навіна, што ўлады падчас падпісной кампаніі задзейнічаюць адміністрацыйны рэсурс для падтрымкі дзяржаўнай прэсы. Адметнасць гэтага дакумента — у надзвычай падрабязным апісанні «абавязкаў» розных структур, — пракаментавала «план» брэсцкіх ідэолагаў старшыня БАЖ Жана Літвіна. –
Падобныя дакументы былі шырока распаўсюджаныя ў савецкі час, калі ўлада страшна баялася любой праявы вальнадумства. Для мяне гэта знак таго, што сёння ў краіне існуе маса праблем. І каб гэтыя праблемы схаваць, беларускія ўлады імкнуцца ўтрымліваць прытомнасць людзей пад кантролем.
А калі яшчэ і ўспомніць, што сёння практычна паўтара дзясятка незалежных грамадска-палітычных выданняў пазбаўленыя права распаўсюджвання, то карціна падпісной кампаніі ў Беларусі выглядае і зусім сумна».